Па пятніцах у садку №106 горада Віцебска ўстанавілі беларускамоўны дзень

logo
Суббота, 24.11.2018 22:19 | Рубрика: Общество
04122

Выхавальнікі дашкольных устаноў Першамайскага раёну сабраліся, каб абмеркаваць, як з маленства прылучыць дзяцей да роднай мовы. У яслях-садзе № 106 Віцебска адбылося пасяджэнне метадычнага аб’яднання выхавальнікаў дашкольнай адукацыі сярэдніх груп «Забеспячэнне ўмоў для развіцця маўленчых навыкаў, далучэння выхаванцаў да беларускай нацыянальнай культуры». Арганізатарам выступіў аддзел па адукацыі Першамайскага раёна.

Падобнае мерапрыемства было арганізавана ўпершыню і выклікала цікавасць педагогаў. Выхавальніца ясляў-саду № 106 Алена Хлыстова, якая дасканала валодае беларускай мовай, правяла адкрыты занятак у сваёй групе для ўдзельнікаў аб’яднання. Потым перад гасцямі выступілі выхаванцы сярэдніх груп: дзеці чыталі вершы, хуткамоўкі, будавалі сказы.

Як расказала намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Святлана Гутава, адзін раз на тыдзень у старэйшых групах праводзіцца занятак на беларускай мове. Па пятніцах у садзе бывае беларускамоўны дзень, калі і выхавальнікі, і дзеці размаўляюць на мове і ў групах, і паміж сабой.

Госць аб’яднання намеснік дырэктара па рабоце з гледачом Беларускага тэатра «Лялька» Вольга Марэцкая падкрэсліла, што любоў да мовы добра прывіваецца дзецям дзякуючы казкам, а таксама прыкладам бацькоў. Яна прадставіла спектаклі для самых маленькіх гледачоў з рэпертуара тэатра, расказала пра самыя цікавыя праекты для сямейнага прагляду.

Вядучы майстар сцэны Алег Рыхтэр адзначыў, што мова – гэта тое, што адрознівае кожную нацыю, расказаў, як успрымаюць беларускую мову ў розных краінах. У фінале акцёр уручыў лялькі ўдзельнікам сустрэчы і паставіў з імі імправізаваную тэатральную мініяцюру. Выхавальнікі з задавальненнем выступілі ў ролі акцёраў-лялечнікаў. Завяршылася сустрэча сумесным выкананнем беларускай песні.

Мерапрыемства паказала, што віцебскія выхавальнікі схіляюцца да таго, што вучыць дзяцей лепш за ўсё на ўласным прыкладзе, да далучэння да мовы ставяцца з жаданнем, успрымаюць гэтую мэту пазітыўна. А гэта ўжо фундамент поспеху.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Таццяна САЛАЎЁВА. Фота аўтара.