Выхаванцы Сенненскай школы-інтэрната шыюць маскі для медыкаў

logo
Понедельник, 06.04.2020 13:59 | Рубрика: Здоровье
01586

Зараз, ва ўмовах больш строгага выканання санітарных нормаў, выхаванцы Сенненскай школы-інтэрната не могуць выязджаць на экскурсіі, удзельнічаць у масавых мерапрыемствах, іх не наведваюць сваякі і валанцёры. Тым не менш канікулы тут праходзяць не толькі цікава, але і з карысцю. Старшакласнікі ў рамках вытворчай практыкі рупяцца ў швачнай і сталярнай майстэрнях. Як расказаў дырэктар установы Леанід Казлоў, гэта работа працягнецца і ў час дадатковых канікул.

Дзяўчынкі шыюць пасцельную бялізну і маскі.

– Мы атрымалі заказ на 1700 масак ад Сенненскай цэнтральнай раённай бальніцы, 1200 з якіх ужо пашылі і паставілі медыкам, – паведаміў дырэктар. – Таксама шыем маскі для райспажыўтаварыства і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Яшчэ дзяўчаты шыюць пасцельную бялізну для школы-інтэрната, 85 камплектаў вырабілі для санаторыя «Лётцы».

Зэдлікі, дачныя камплекты (стол і дзве лаўкі), пчаліныя вуллі і шпакоўні робяць у майстэрні хлопцы. Гэты тавар таксама карыстаецца попытам. Дарэчы, школьнікі не толькі атрымліваюць прафесійную падрыхтоўку, але і маюць магчымасць зарабіць грошы.

Таксама ў час канікул ладзяцца экскурсіі на прыроду, віктарыны. Нядаўна прайшло свята «Прывітанне, вясна». 

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА. Фота прадастаўлена Сенненскай школай-інтэрнатам.