У Талачыне адбылося перапахаванне астанкаў салдата Васіля Белановіча, які аддаў жыццё ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі Украіны

logo
Понедельник, 09.12.2019 10:48 | Рубрика: Беларусь помнит
02417

Амаль праз 8 дзясяткаў гадоў талачынская зямля прыняла свайго слаўнага сына, які аддаў жыццё ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі Украіны. У суботу, 7 снежня, у парку «Юзэфполле» адбылося перапахаванне ў брацкую магілу астанкаў 22-гадовага салдата Васіля Аляксандравіча Белановіча, ураджэнца вёскі Поўсціхава.

Юнак загінуў у 1942 годзе ў Барвянкоўскім раёне Харкаўскай вобласці і знайшоў, як цяпер аказалася, не апошні, а перадапоші спачын на месцы тых трагічных падзей, упісаных у гісторыю пад назваю «Барвянкоўскі кацёл» (розныя крыніцы паведамляюць, што з савецкага боку ў катле загінулі і трапілі ў палон 270000 чалавек).

Астанкі Васіля Белановіча знойдзены сёлета ў верасні падчас усеўкраінскай пошукавай ваенна-патрыятычнай экспедыцыі «Барвянкоўскі кацёл-1942» (ідэнтыфікаваць іх удалося дзякуючы медальёну).

Аддаць даніну павагі слаўнаму земляку прыйшлі шматлікія жыхары горада, прадстаўнікі працоўных калектываў, навучальных ўстаноў, грамадскіх арганізацый, а таксама нашчадкі роду героя, якія і сёння жывуць на Талачыншчыне. Ад органаў улады прысутнічалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Ягораў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Георгій Мурашка, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Генадзій Ягораў, іншыя службовыя асобы з ліку раённай адміністрацыі.

Астанкі героя і яго асабістыя рэчы (лыжка, гузікі, рэшткі папругі) даставіла ў Талачын усеўкраінская грамадская арганізацыя “Саюз “Народная памяць”.

— Выказваем шчырую падзяку пошукаваму атраду арганізацыі “Саюз “Народная памяць” і асабіста яе старшыні Яраславу Жылкіну за вялікую работу па ўвекавечанні памяці абаронцаў Радзімы, сярод якіх нямала і нашых землякоў, — звярнуўся да ўкраінскіх гасцей у ходзе мітынгу Сяргей Ягораў. — Вы свята захоўваеце памяць і не словам, а справаю вяртаеце імёны салдатаў з небыцця.

— Мы схіляем галовы перад памяццю тых, хто адстаяў свабоду і незалежнасць нашай краіны, — адзначыў Генадзій Ягораў. — Вечная слава і памяць усім, хто паклаў свае жыцці на алтар Вялікай Перамогі.

Старшыня арганізацыі “Саюз “Народная памяць” паведаміў некаторыя дэталі, звязаныя з ідэнтыфікацыяй асобы Васіля Белановіча:

— Астанкі знойдзены былі ў няўлічаным воінскім пахаванні. Побач з імі знаходзілася астанкі 11 чырвонаармейцаў. На сённяшні дзень вызначаны пакуль што толькі ён, Васіль Белановіч.

Мы мала што ведаем пра Васіля Аляксандравіча Белановіча, але адчуваем адзінства са сваім земляком, які аддаў жыццё за нашу будучыню.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Сяргей АБРАМОВІЧ, г. Талачын. Фота аўтара.