Памятны знак «Боль» расстралянаму фашыстамі насельніцтву Сенненшчыны адкрыты непадалёк ад вёскі Казлоўка

logo
Пятница, 12.07.2019 18:05 | Рубрика: Беларусь помнит
02262

Агароднік, Аўсішчар, Бамштэйн, Барбін… У шматнацыянальным Сянне напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны яўрэі складалі палову насельніцтва. 30 і 31 снежня 1941 года амаль усіх іх, па афіцыйных звестках — 965 чалавек, расстралялі. Старых, жанчын, дзяцей — толькі за тое, што яўрэі.

Прозвішчы большасці ўстанавілі ў першыя пасляваенныя гады. Але пошукі не спыняліся ніколі. Апошнім часам адноўлены імёны яшчэ 174 чалавек. Яны таксама занесены на чорныя мармуровыя пліты, што ўстаноўлены непадалёк ад вёскі Казлоўка разам з памятным знакам «Боль» работы віцебскага скульп­тара члена Беларускага саюза мастакоў Івана Казака. Днямі адбылася жалобная цырымонія яго адкрыцця. Помнік на месцы трагедыі быў устаноўлены яшчэ раней. Разам яны ўяўляюць мемарыяльны комплекс, які будзе нагадваць пра зверствы фашызму, пра ахвяры сярод мірнага насельніцтва.

— Мы не можам, мы не павінны забываць сутнасць фашызму, яго палітыку, накіраваную на вынішчэнне яўрэяў, цыган, славян, — падкрэсліў Уладзімір Цярэнцьеў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў, які прысутнічаў на жалобнай цырымоніі адкрыцця памятнага знака.

Старшыня Сенненскага раённага выканаўчага камітэта Васілій Чараднік падзякаваў работнікам жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі, усім, хто меў дачыненне да стварэння і ўстаноўкі памятнага знака. Ідэя ўладкаваць памятны знак на месцы расстрэлу мірных жыхароў Сянна, па яго словах, узнікла некалькі гадоў таму, яе падтрымалі калегі, грамадскасць. Вынікам шматгадовай працы якраз і стала стварэнне памятнага знака «Боль».

На адкрыццё помніка сабралася шмат сенненцаў розных пакаленняў. Але сярод іх лёгка было заўважыць Ніну Калугіну. Жанчына прыехала з Яраслаўля. У дзявоцтве яна насіла прозвішча Кішчыцар. Тут, у гэтай магіле, засталіся ўсе яе продкі, якія не змаглі пакінуць Сянно.

У нашай краіне працягваецца акцыя «Беларусь помніць». Яна набывае розныя формы. Да яе далучаецца ўсё большая колькасць людзей. На Сенненшчыне яна таксама стала неад'емнай часткай грамадскага жыцця.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Аляксандр ЯЎГЕНАЎ. Фота Сяргея КАВАЛЕЎСКАГА.