Сёння ў фестывальным Віцебску стартуе «Лялечны квартал»

logo
Среда, 10.07.2019 06:36 | Рубрика: Славянский Базар в Витебске
01365

Традыцыйна ажыўлена ў дні “Славянскага базару” будзе і ў “Лялечным квартале”. Ужо сёння яго адкрыццё абвесціць музычна-фарсавая праграма, якая будзе ладзіцца прама на вуліцы перад лялечным тэатрам.

З 10 па 16 ліпеня на сцэне Беларускага тэатра “Лялька” свае лепшыя спектаклі прэзентуюць лялечныя тэатры з Беларусі, Расіі і Украіны. Апроч таго “Лялечны квартал” прапануе чатыры паўнавартасныя вулічныя спектаклі, якія адбудуцца каля Цэнтра сучаснага мастацтва на вуліцы Талстога і шматлікія канцэртныя ды забаўляльныя праграмы і перфомансы.

Першым, як і заўжды, глядач убачыць спектакль віцебскіх лялечнікаў “Брэменскія музыкі”. Менавіта ён, на думку мастацкага кіраўніка Віктара Клімчука, адпавядае духу свята мастацтваў. Таксама гаспадары сцэны падораць віцяблянам і гасцям горада спектакль-імправізацыю “Казкі пра казку” – прэм’еру гэтага года. Завершыць фестывальную праграму віцебскіх артыстаў таксама прэм’ерны спектакль новага сезона – “Мастак. Вяртанне ў Віцебск”, прысвечаны гораду і яго знакамітаму ўраджэнцу Марку Шагалу.

У гэтым годзе ў Віцебск прыехалі адметныя калектывы з Санкт-Пецярбурга, Кіева, Пярмі, Пензы, Рыбінска, Іванава. Да прыкладу, абсалютна незвычайную пастаноўку Яўгена Карняга “Сёстры Грайі” прэзентуе вечарам у чацвер Маладзечанская “Батлейка”. Рыбінскі тэатр лялек пакажа спектакль “Шыш, або як мужык з царом пасварыўся”. І, наогул, практычна ўсе спектаклі, заяўленыя ў праграме – лаўрэаты і пераможцы прэстыжных міжнародных фестываляў. Кожны створаны ў адметнай аўтарскай стылістыцы.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА. Фото аўтара.