У Віцебску адбудзецца прэзентацыя ўнікальнага артэфакта «Надмагільная пліта з пахавання пісьменніка Яна Баршчэўскага»

logo
Среда, 14.04.2021 09:21 | Рубрика: Культура
02388

У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі (ратуша) 16 красавіка адбудзецца прэзентацыя ўнікальнага артэфакта «Надмагільная пліта з пахавання пісьменніка Яна Баршчэўскага».

Артэфакт, знойдзены ў 2019 годзе ў Чуднаве (Украіна), — надмагільная пліта з пахавання вядомага беларускага і польскага пісьменніка і паэта Яна Баршчэўскага (1781? - 1851). Ян Баршчэўскі — адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры.

Нарадзіўся пісьменнік ў вёсцы Мурагі Полацкага павета Віцебскай губерніі (зараз Расонскі раён) у сям'і святара, якая, як мяркуецца, належала да збяднелага шляхецкага роду. Вучыўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Збіраў легенды, якія затым увайшлі ў самы вядомы яго твор - "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях».

Адзін час Ян Баршчэўскі жыў і працаваў у Пецярбургу, а да 1850 года пераехаў у Чуднаў, дзе памёр.

У пачатку 2000-х уласнік падворка ў Чуднаве пачаў праводзіць газаправод і выкапаў чыгунную пліту. Ад іржы не было відаць, што на ёй напісана.

17 гадоў пліта стаяла на падворку. 15 красавіка 2019 года плітой зацікавілася дачка гаспадароў падворка Алена Прыходчанка, якая стала шукаць аналаг імя з пліты ў інтэрнэце і знайшла, што пліта магла знаходзіцца на магіле пісьменніка Яна Баршчэўскага. На пліце - надпіс на польскай мове: «Ян Баршчэўскі, прыхільнік Бога, прыроды і людзей, пісьменнік натхненняў і пачуццяў. Жыў годна 70 гадоў. Памёр 28 лютага 1851 года". Знаходка стала сапраўднай сенсацыяй, праліўшы святло на дакладны год нараджэння пісьменніка.

На сродкі Фонду імя Марыі Магдалены Радзівіл (Швейцарыя) у 2020 годзе ў Чуднаве (Украіна) адкрыты помнік Яну Баршчэўскаму, а ў 2021-м арганізавана рэстаўрацыя надмагільнай пліты ў Мінску.

Як паведамляюць у музеі, 6 красавіка дошка была прэзентавана ў Расонах, 14 красавіка ў Полацку і з 16 красавіка будзе непрацяглы час экспанавацца ў віцебскай ратушы.

Прэзентацыя адбудзецца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі 16 красавіка а 16-й гадзіне на выставе «100 рарытэтаў да 100-годдзя музея». Уваход вольны.


© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: vitbichi.by