“Ад 5 да 55+” -- пад такой назвай у мінулую суботу ў Глыбокім прайшоў першы занальны тур абласнога конкурсу дыскатэчных (танцавальных) праграм, арганізатарамі якога выступаюць упраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама і абласны метадычны цэнтр народнай творчасці.
У дадзеным конкурсе прынялі ўдзел творчыя калектывы і спецыялісты ўстаноў культуры з 9 рэгіёнаў Віцебшчыны, якія прадставілі 15 праграм для розных узроставых катэгорый – дзяцей, моладзі і дарослых.
Па выніках конкурсу па рашэнні журы былі вызначаны лепшыя праграмы-пераможцы. Так, лепшую дыскатэчную праграму для дзяцей прадставіў творчы калектыў Полацкага раённага цэнтра культуры. У намінацыі “Для тых, каму за…” лепшым стаў калектыў супрацоўнікаў аўтаклуба Шаркаўшчынскага раёна, які прапанаваў рэтра-праграму “Танцуюць усе!”. Сярод праграм для моладзі першага месца ўдастоены калектыў “Грэк і Абалеффка” Міёрскага раённага Дома культуры і творчы калектыў Шумілінскага раённага цэнтра культуры. Таксама быў абраны лепшы вядучы праграмы. Ім стала Ганна Каламіец з Шуміліна. Усе пераможцы і ўдзельнікі конкурсу былі адначаны адпаведнымі дыпломамі і прызамі.
Дадзены конкурс праходзіць перыядычна з 1999 года з мэтай павышэння якаснага ўзроўню арганізацыі дыскатэчных мерапрыемстваў, удасканалення прафесійнага ўзроўню вядучых танцавальных праграм, выяўлення лепшага вопыту арганізацыі і правядзення забаўляльных мерапрыемстваў.
Наступны занальны тур конкурсу “Ад 5 да 55+” адбудзецца 30 лістапада бягучага года ў Дуброўна.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.