85 год споўнілася вядучаму майстру сцэны тэатра імя Якуба Коласа Тадэвушу Кокштысу

logo
Среда, 30.10.2019 09:35 | Рубрика: Культура
01945

Народнаму артысту Беларусі, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі БССР вядучаму майстру сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Тадэвушу Кокштысу споўнілася 85 год.

Жывая легенда... гэта пра Тадэвуша Антонавіча. Ён амаль апошні з плеяды коласаўцаў, якія стварылі класічны тэатр у Віцебску. Яго імя з ліку тых, якія тэатралы некалькіх пакаленняў вымаўляюць з глыбокай павагай. І ёсць за што. Несумненны магутны талент, выпешчаны нацыянальнай тэатральнай школай, навучаны глыбока спасцігаць сутнасць кожнага персанажа і па-майстэрску даносіць яго вобраз да гледача.

А чужых лёсаў, пражытых Тадэвушам Кокштысам на коласаўскай сцэне і ў кіно, – вялікае мноства. Яму падуладныя любыя характары, нават такія, якія далёкія ад яго ўласнай чалавечай прыроды. Салдат, стары, селянін, жабрак, дваранін... вобразы камедыйна-сатырычныя і глыбока драматычныя. Труфальдзіна (“Слуга двух гаспадароў” К. Гальдоні), Жабрак (“Сымон-музыка” Я. Коласа), Расплюеў (“Вяселле Крачынскага” А. Сухава-Кабыліна), Цімоха, альбо Гастрыт (“Вечар” А. Дударава), Стары (“Бездань” па Р. Брэдберы), Акім (“Улада цемры” Л. Талстога), Другі Шляхцюк (“Несцерка” В. Вольскага), Блазен, Шут (“Кароль Лір” У. Шэкспіра), Качкароў, Земляніка (адпаведна, “Жаніцьба” і “Рэвізор” М. Гогаля), Благае (“Доктар філасофіі” Б. Нушыча), Сыракваш (“Плошча Перамогі” А. Паповай), Іосіф Трэці (“Кракаўскі студэнт” Г. Марчука), Жамгуліс (“Клеменс” К. Саі), Шаргай і Салянік (“Парог” і “Радавыя” А. Дударава)… Звыш сотні роляў, якія ўвайшлі ў скарбніцу айчыннага тэатральнага мастацтва.

Тадэвуш Антонавіч здымаўся ў кіно ў вядомых рэжысёраў, у тым ліку ў М. Пташука (“Знак бяды” па аднайменнай аповесці В. Быкава), В. Турава (“Палеская хроніка” па раману І. Мележа “Людзі на балоце”), М. Касымавай (“Зорка Венера”), Д. Астрахана (тэлесерыял “Фабрика грез”).

Тадэвуш Кокштыс – кавалер ордэнаў «Знак Пашаны» і Францыска Скарыны, прыза Беларускага саюза тэатральных дзеячаў «Крыштальная Паўлінка», іншых значных узнагарод.

Коласаўскаму тэатру Тадэвуш Антонавіч прысвяціў свой лёс. Служыў яму і будзе служыць, пакуль хапае моцы, бо гэта для яго – само жыццё. І зноў кожная роля з максімальным пранікненнем у сутнасць чалавека і яго абставінаў. А на выхадзе быў і будзе непаўторны герой у выкананні майстра, эксклюзіўны персанаж ад Тадэвуша Кокштыса – да вялікай радасці гледача, зачараванага ігрой Артыста.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Віталій СЯНЬКОЎ. Фота з архiва «Вiцьбiчаў».