Коласаўскага «Матылька...» убачылі ў Нікалаеве

logo
Среда, 09.10.2019 12:23 | Рубрика: Культура
01533

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа прыняў удзел у XI адкрытым міжнародным тэатральным фестывалі Homo Ludens («Чалавек, які іграе»), які праходзіць 5–13 кастрычніка ў Нікалаеўскім акадэмічным мастацкім рускім драматычным тэатры і прымеркаваны да яго 85-годдзя.

Коласаўцы прадставілі меладраму вядомага італьянскага драматурга Альда Нікалаі «Матылёк… Матылёк…» у пастаноўцы Валерыя Анісенкі. У галоўнай ролі, Эдды, – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Скварцова. У спектаклі заняты артысты Дзмітрый Каваленка і Ірына Цішкевіч.

Пастаноўка ужо некалькі сезонаў з поспехам ідзе на віцебскай сцэне, яна мае інтрыгуючы сюжэт і глыбінны сэнс – раскрывае тэмы чалавечай адзіноты, узаемаадносін бацькоў і дзяцей, ролю жанчыны, маці. Мастак-пастаноўшчык – Андрэй Жыгур, музычнае афармленне Аляксандра Крыштафовіча, пластыка Дзіяны Юрчанка, пераклаў п’есу на беларускую мову Алесь Замкоўскі.

Сярод удзельнікаў міжнароднага фестываля ў Нікалаеве (Украіна) – лепшыя тэатры Украіны, Беларусі, Малдовы, Балгарыі і Літвы, спектаклі ідуць на шасці мовах. Беларусь прадстаўляе таксама Мінскі абласны драматычны тэатр.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Таццяна САЛАЎЁВА. Фота kolastheatre.by