Натяжные потолки в Витебске. Жаркие цены!

У адзінаццаты раз сабрало сяброў свята народнай творчасці беларускай паэзіі і фальклору «Гарадоцкі Парнас»

Вторник, 04.06.2019 16:50 | Рубрика: Культура
0734
Герой паэмы Канстанціна Вераніцына палясоўшчык Тарас ужо адзінаццаты год запар “запрашае” гасцей на раённае свята народнай творчасці беларускай паэзіі і фальклору “Гарадоцкі Парнас”. Урачыстым мерапрыемствам гарадакчане ўшаноўваюць памяць пра слыннага паэта-земляка, які падарыў беларускай і сусветнай літаратуры цудоўны дасціпны твор, поўны народнага гумару, перакладзены на многія замежныя мовы.


Унікальная скульптурная кампазіцыя з выявай Тараса, што сыходзіць са старонак разгорнутай кнігі, і гарэзлівай вавёркай ля яго ног ў гарадскім скверы стала візітнай карткай райцэнтра, ля яе фатаграфуюцца амаль ўсе, хто прыязджае ў Гарадок.

Сёлета ўпершыню “Гарадоцкім Парнасам” стала не цэнтральная плошча і сквер, як звычайна, а ўрочышча Вераб’ёвы горы, дзе прыгажосць векавечнага лесу на ўзвышшы супернічае з красою азёр, зусім як у краявідах, намаляваных у паэме. Тут, на прыродзе, касцюміраваныя інсцэніроўкі з яе выглядалі больш арганічна, каларытна.

Старшыня Гарадоцкага райвыканкама Пётр Карабач на ўрачыстым адкрыцці свята зрабіў экскурс ў гісторыю стварэння паэмы, якая уваходзіць ва усе праграмы вывучэння беларускай літаратуры, расказаў цікавыя факты з жыцця Канстанціна Вераніцына.

Ганаровыя госці свята — страшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Міраш, начальнік ўпраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі — адзначылі, што мерапрыемства традыцыйна збірае ўсіх, хто цікавіцца беларускай творчасцю, фальклорам, нацыянальным каларытам.


“Гасцінны панадворак”, які, нібы абрус, разгарнулі прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы горада і раёна, прапанаваў завітаць на “Тарасаву сядзібу”, паспытаць “Рыбацкага шчасця” і “Цешчыных бліноў”, прывабліваў “Кветкавай палянай” і “Мядовым панадворкам”. На “Кірмашы ля Парнаса” можна было набыць вырабы народных майстроў, убачыць майстар класы па ўнікальных рамёствах Гарадоччыны, завітаць на “Леснічоўку” — выставу паляўнічых трафеяў.


“Вечарынка ў Тараса” сабрала лепшыя творчыя калектывы Гарадоччыны, захапілі гасцей старадаўнія танцы “Скокі ва ўсе бокі” на лясной паляне ля возера. У “Парнаскай імпрэзе”, літаратурна-музычная праграме, удзельнічалі вядомыя паэты і празаікі вобласці і Гарадоччыны.


Выстава макетаў архітэктурных аб’ектаў “Гарадоччына ў мініяцюры”, пленэр “Любы сэрцу край”, выстава малюнкаў выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў Гарадка, дзіцячая пляцоўка “Забаўлянка”, дэгустацыя юшкі ўдзельнікаў рыбацкага конкурсу і шматлікія іншыя інтэрактыўныя пляцоўкі дапоўнілі свята. На лыжаролернай трасе праходзіла спартакіяда “Мама, тата, я — спартыўная сям’я!”, пераможцай стала сям’я Мікалая і Ірыны Шалупкіных, якія прадстаўлялі Гарадоцкі лясгас.


На “Гарадоцкім Парнасе” кожны мог знайсці сабе занятак па-душы, далучыцца да багатай беларускай культуры і мілагучнага беларускага слова, якім напісана неўміручая паэма. А на яе радкі-запытанне “Ці знаў з вас, хто, браткі, Тараса?” на Гарадоччыне кожны школьнік адкажа сцвярджальна і з легкасцю прачытае прыгожы ўрывак з паэмы.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Кацярына ПУЧКОВА. Фота аўтара.
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Обновить Защита от автоматических сообщений