«Бальніца на краі свету». Да Сусветнага дня тэатра коласаўцы прымеркавалі прэм’еру камедыi

logo
Четверг, 21.03.2019 12:56 | Рубрика: Культура
01766

У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа напярэдадні Сусветнага дня тэатра зладзілі прэс-канферэнцыю. Да гэтага свята коласаўцы прымеркавалі прэм’еру, якая адбудзецца якраз 27 сакавіка, — уже жадаючыя змогуць завітаць на драматычную камедыю на дзве дзеі “Бальніца на краі свету” сучаснага балгарскага драматурга Хрыста Бойчава.

Пастаноўка, пераклад і музычнае афармленне мастацкага кіраўніка тэатра Міхася Краснабаева, мастак-пастаноўшчык — Святлана Макаранка.

— Сёння ёсць кава “тры ў адным”, — скарыстаўся метафарай пры апісанні новага спектакля Міхась Дзмітрыевіч. — Так і ў “Бальніцы на краі свету” ёсць глыбокі сэнс і лёгкая падача, бо гэта і камедыя, ёсць тут і драма, адразу закладзеная ў людзях: чалавек нарадзіўся і памрэ, нікуды ад гэтага не дзенешся. А трэцяе дабавіць глядач. Кожны ўбачыць сваё, адпаведна з тым жыццёвым досведам, што ў яго за плячыма, з адукацыяй і выхаваннем.

…Пяць пацыентаў па волі лёсу апынуліся ў адной бальнічнай палаце. Адзін не ведае свайго мінулага, іншыя не ўпэўнены ў будучыні. Нехта марыць выбрацца на волю, нехта — збегчы ў Швейцарыю, а нехта — ціха памерці. У «бальніцы на краі свету» няма ні правых, ні вінаватых, у кожнага свая праўда і сваё ўяўленне пра сэнс быцця — вось пра што, калі коратка, не робячы спойлераў, новая пастаноўка коласаўцаў.

У спектаклі занятыя Аляксандр Базук, Генадзь Гайдук, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Рыгор Шацько, Уладзіслаў Жураўлёў, Аляксей Стома, Яўген Бераснеў, Герман Дымарэцкі, Максім Цароў, Валянціна Багданава, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Скварцова, Арцём Блахін, Святлана Сухадолава, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў, Юлія Крашэўская, Ніна Обухава, Ганна Дубчанка, Анастасія Рэўчанка-Лук’янава, Цімур Жусупаў, Дзмітрый Каваленка.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Віталь ШЫЁНАК. Фота спектакля — Андрэй ЖЫГУР. Фота прэс-канферэнцыіі — Наталля ЛАВІЦКАЯ-ЯРМОЛАВА.