Коласаўскі тэатр прадставіў новае прачытанне «Сымона-музыкі»

logo
Среда, 21.11.2018 21:55 | Рубрика: Культура
02076

“Сымон-музыка” вярнуўся да нас менавіта ў дзень нараджэння Коласаўскага тэатра.

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа 21 лістапада адзначыў 92-і дзень нараджэння. Сёлета свята ўдалося асабліва годным, бо ў гэты вечар артысты звярнуліся да творчасці аўтара, чыё імя па праву носіць калектыў – народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, і паказалі прэм’еру – спектакль “Сымон-музыка” па яго аднайменнай паэме.

Тэатр мае пэўную традыцыю ўвасаблення твораў Песняра, гэта ўжо сёмы зварот да яго спадчыны.

Сёлета паэму перанёс на сцэнічныя падмосткі мастацкі кіраўнік коласаўцаў Міхась Краснабаеў (ён і аўтар інсцэніроўкі, і рэжысёр-пастаноўшчык). Яго асабліва натхніла першая рэдакцыя паэмы, створаная Якубам Коласам у 1918 годзе, адгэтуль спектакль набыў не толькі моцны філасофскі змест, але і трагічную афарбоўку, асабліва ёй уласцівую ў параўнанні з больш познімі варыянтамі.

Здаецца, рэжысёра хвалюе не толькі лёс мастака, які змагаецца за сваё права быць вольным і незалежным там, дзе правяць баль грошы, але і будучае беларусаў як нацыі. Адсюль праз увесь спектакль праходзіць трагічны вобраз Ганны (Анастасія Рэўчанка-Лук’янава) не толькі як каханай Сымона, але і як знявечанай, Бацькаўшчыны, яе мовы, культуры, духоўных каранёў, нацыянальнай самасвядомасці.

Вядома ж, першая скрыпка ў спектаклі належыць выканаўцу цэнтральнай ролі – маладому артысту Дзмітрыю Каваленку. Ён стварае вобраз юнака з асабліва чулай душой, “тонкай скурай”, які з наіўнага хлопчыка ператвараецца ў асобу, мастака, што пачынае адстойваць сваю чалавечую годнасць, разумець усю каштоўнасць Волі і неабходнасць за яе змагацца. Артыст уражвае глыбінёй перажыванняў свайго героя, што адбіваецца не толькі ў вершаваных радках, але і песнях-зонгах, якія арганічна ўплецены ў тканіну спектакля (кампазітар Арцём Краснабаеў) і якія ён дастаткова прафесійна выконвае.

Старэйшына коласаўскай сцэны, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Тадэвуш Кокштыс выконвае ў спектаклі аж чатыры ролі: Старога (які ў нечым нагадвае асобу “ад аўтара”), Дзеда Курылу, Жабрака і дзеда Данілу (які з’яўляецца паслугачом Князя). Ці так было задумана, ці так ужо атрымалася, але яны ў многім падобныя і па той функцыі, якую выконваюць у спектаклі (духоўных настаўнікаў Сымона), і проста па-чалавечы. Насамрэч выканаўца стварае адзін велічны, эпічны вобраз, які ўбірае ў сябе розныя рысы, уласцівыя беларусам, і найперш – мудрасць, пранікнёнасць, абачлівасць, памяркоўнасць, спагадлівасць, чалавекалюбства.

Трэба адзначыць лаканічнасць і разам з тым метафарычна-асацыятыўную вобразнасць сцэнаграфіі, стылявое адзінства касцюмаў (мастак-пастаноўшчык Святлана Макаранка).

Фінал спектакля трагічны… У душы Сымона засталася жыць памяць пра Ганну, пра іх каханне. І быццам гэтая памяць, гэтае светлае пачуццё дапамагае юнаку ўстаць з кален і “нарадзіць” бессмяротныя радкі, якія на пачатку спектакля чытаў Стары і якія пакінуў яму (усім нам!) як духоўны запавет.

На прэм’еры глядзельная зала была перапоўненая. Спадзяемся, што так будзе і на ўсіх далейшых паказах спектакля. Дарэчы, перад спектаклем у фае разгарнулася экспазіцыя, прысвечаная 100-годдзю першай рэдакцыі паэмы “Сымон-музыка”, прадстаўленая Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа. На прэм’еры прысутнічала, а пасля паказу выйшла на сцэну са шчырымі словамі падзякі дырэктар музея, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Зінаіда Камароўская.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Юрый ІВАНОЎСКІЙ, мастацтвазнаўца. Фота Наталлі Ярмолавай-Лавіцкай.