Звыш 800 артыстаў прымуць удзел у VІІІ абласным аглядзе-конкурсе харэаграфічных калектываў у Віцебску

logo
Вторник, 30.10.2018 09:03 | Рубрика: Культура
02050

У VІІІ абласным аглядзе-конкурсе харэаграфічных калектываў “Прыдзвінскія карункі” прымуць удзел звыш 800 артыстаў.

Свята танца, якое пройдзе 3 лістапада ў Віцебскай абласной філармоніі, прысвечана 100-годдзю з дня нараджэння заслужанага дзеяча культуры Беларусі Івана Серыкава.

Выдатны балетмайстар быў стваральнікам народнага ансамбля песні і пляскі «Маладосць» у Віцебску, які у 60 – 80 гады XX стагоддзя быў візітнай карткай Прыдзвінскага краю для гледачоў Расіі, Украіны, краін Прыбалтыкі, Польшчы, Германіі, Венгрыі, Сірыі. Ён таксама стаў фундатарам народнага ансамбля песні і танца «Яблынька» ў Гарадку, а ў абласным навукова-метадычным цэнтры народнай творчасці і культасветработы — народнага фальклорнага ансамбля «Вытокі».

Іван Серыкаў сабраў вялікую скарбніцу танцаў Віцебскага Паазер’я, якія запатрабаваны харэографамі.

Дарэчы, пралог да вялікага танцавальнага конкурсу падрыхтавалі ветэраны “Маладосці” і “Вытокаў” — 25 артыстаў з розных складаў ансамбляў разам выйдуць на легендарную сцэну, дзе калісці, у бытнасць Палаца культуры ўпраўлення бытавога абслугоўвання насельніцтва, нарадзілася “Маладось”.

У аглядзе-конкурсе выступяць 40 аматарскіх ансамбляў народна-сцэнічнага, эстраднага танца, а таксама калектываў, якія маюць званне заслужанага, народнага ці узорнага.

Удзельнікі свята прадэманструюць майстэрства ў намінацыях на лепшае выкананне аўтарскіх танцаў заслужанага дзеяча культуры Беларусі І. А. Серыкава; на лепшую новую балетмайстарскую пастаноўку беларускай накіраванасці; на лепшы народны танец, у якім павінна быць адлюстравана нацыянальная тэматыка і матывы.

У гасцёвую праграму агляду-конкурсу “Прыдзвінскія карункі” уключаны два спектаклі народнага тэатра-студыі сучаснай харэаграфіі Дзіяны Юрчанка з Цэнтра культуры “Віцебск”.

Напрыканцы свята адбудзецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў абласнога агляду-конкурсу.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля МАРТАВА.