Что ждет любителей кукольных спектаклей в новом сезоне Белорусского театра «Лялька»

logo
Понедельник, 17.09.2018 11:10 | Рубрика: Культура
03131

Што чакае аматараў лялечных спектакляў у новым сезоне, даведаліся журналісты пад час прэс-канферэнцыі 14 верасня. Але творцы не раскрылі ўсіх таямніц.

Тэатральны сезон павінен адкрывацца прэм’ерай, упэўнены заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, мастацкі кіраўнік Беларускага тэатра “Лялька” Віктар Клімчук. 30 верасня 32-і тэатральны сезон у “Ляльцы” распачнецца двума прэм’ернымі спектаклямі. Раніцой – дзіцячым, з гульнямі і конкурсамі, і ўвечары – дарослым, які працягнецца святочным канцэртам.

Рэжысёр Міхась Клімчук разам з мастаком Соф’яй Шахноўскай паводле твораў вядомай беларускай мастачкі Ганны Сілівончык паставілі спектакль для дзяцей “Казка пра казку”. Гэта знакавая работа, бо ўпершыню спектакль зроблены на матэрыяле 21-га стагоддзя. Рэжысёр, вядомы гледачу па “Гораду клоўна Піка” і “Феньцы”, узяў за аснову 8 казак мастачкі і выдаў пастаноўку, поўную добрага гумару (як ён умее) і філасофскага погляду на жыццё. Што, безумоўна, смела ўздымае заяўленую ўзроставую планку ў чатыры гады да бясконцасці.

– Чалавек, які за жыццё зрабіў больш добрых спраў, трапляе на воблака, дзе сядзіць з біноклем і кнігай, назіраючы за людзьмі. А іншы рабіў больш дрэннага, вось і трапіў на навальнічную хмару з мятлой і рыдлёўкай, каб чысціць неба ад дажджу і снегу, – расказаў рэжысёр.

Дарослыя ў дзень адкрыцця сезона змогуць ацаніць спектакль “Спакуса або Чорны манах” у пастаноўцы Віктара Клімчука паводле п’есы А. П. Чэхава “Чорны манах”.

Калектыў тэатра, стартаваўшы двума прэм’ерамі, спадзяецца на далейшы плённы творчы дыялог з гледачом. А гаварыць, сапраўды, ёсць што.

“Ажывіць” на сцэне Марка Шагала даўно марыў В. Клімчук, такім чынам сказаўшы “дзякуй” земляку, што праславіў Віцебск на ўвесь свет. І вось, прачытаўшы кнігу Марка Шагала “Маё жыццё”, ён напісаў п’есу. Мастацкае ўвасабленне ідэі зноў жа ўзяла на сябе Соф’я Шахноўская. Мастак з Мурманску выдатна адчула задумку рэжысёра і літаральна за тры дні намалявала эскізы. Прэм’ера спектакля “Шагал. Вяртанне ў Віцебск” запланавана на люты наступнага года. Мяркуецца, што ролю Марка Шагала выканае Юрась Франкоў (рэжысёр хоча паказаць мастака сталым), Бэлу сыграе Марына Марозава. На сцэне будуць задзейнічаны як лялькі, так і жывыя акцёры. Недзе ў сярэдзіне студзеня адбудзецца адкрытая сустрэча з даследчыкамі жыцця і творчасці Марка Шагала. Нагадаем, што на рахунку тэатра ўжо ёсць спектакль пад назвай “Шагал. Зыход”, які прызначаны для паказу пад адкрытым небам.

З’явіцца ў новым сезоне і спектакль (назва і матэрыял, паводле якога ён будзе пастаўлены, пакуль не абмяркоўвалі з журналістамі), яго інсцэніроўку зробіць педагог-арганізатар Вольга Прусак, а рэжысёрам-пастаноўшчыкам выступіць і Міхась Клімчук.

На канец верасня запланаваны ўдзел у VIII Міжнародным фестывалі тэатраў лялек “Белагародская забава” ў Белгарадзе (Расія) са спектаклем “Скрыпка дрыгвы і верасовых пустэчаў” (рэжысёр – В. Клімчук). А ў кастрычніку “Лялька” адправіцца на VI Міжнародны фестываль тэатраў лялек “Пятроўскі балаган” у Калінінград (Расія) са спектаклем “Фенька”. У канцы кастрычніка ў музеі З. Азгура “Лялька” пакажа мінчукам спектакль “Нататкі вар’ята” (рэжысёр – В. Клімчук). У новым сезоне працягнуцца і ўсе мінулыя праекты, паабяцалі ў тэатры.

– Мы пераабсталявалі светлавое і гукавое аздабленне, аднавілі вопратку сцэны, плануем мадэрнізацыю будынка тэатра, якому, дарэчы, сто год, – расказаў дырэктар Аляксандр Грыгор’еў і паведаміў, што ў планах – абсталяванне малой сцэны.

За год на сцэне тэатра “Лялька” праходзіць 300 спектакляў, паглядзець якія прыходзяць каля 40 тысяч гледачоў. Кошт білету не перавышае 6 рублёў, што робіць мастацтва лялечнага тэатра даступным шырокаму гледачу.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА. Фота shainurau.com