​«Александрия собирает друзей». Купалье на берегу Днепра праздновали многочисленные гости фестиваля

logo
Понедельник, 09.07.2018 14:08 | Рубрика: Культура
03109

Самае дзівоснае і таямнічае летняе свята на беразе Дняпра – “Купалле”— зноў запрасіла да сябе гасцей. Аграгарадок Александрыя ў мінулыя выхадныя дні стаў сапраўдным міжнародным культурным цэнтрам.

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка з сынам Мікалаем (у цэнтры) падчас свята.

Мерапрыемствы традыцыйна праходзілі ля моста, які злучае Магілёўскую і Віцебскую вобласці і два населеныя пункты Александрыю і Копысь – малую радзіму Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

Рэспубліканскае свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”) з кожным годам набірае папулярнасць. Сёлета нават сюрпрызы надвор’я – моцны дождж, які лінуў перад пачаткам тэатралізаванага музычнага прадстаўлення “Малая Радзіма”, -- ніколькі не сапсавалі настрой гасцям.

-- Менавіта ў гэты дзень мы асабліва адчуваем сакральную сувязь з роднай зямлёй, продкамі і адзін з адным. Таму так хочацца вырвацца з гарадскога жыцця і стаць бліжэй да прыроды – яе прыгажосці і жыватворнай сілы. Набрацца добрай энергіі сонца, удыхнуць пахучы водар траў і лесу, атрымаць асалоду ад рэк і азёр, -- адзначыў падчас выступлення на свяце Аляксандр Лукашэнка. – У гэтым і заключаецца сэнс перажыўшай многія стагоддзі традыцыі адзначаць Купалле – свята, што нагадвае аб простых чалавечых радасцях, ацаніць якія можна толькі замарудзіўшы свой звыклы рытм. І як бы ні складываўся наш лёс, куды б ні забросіў, нам жыццёва неабходна вяртацца да вытокаў. Туды, дзе пейзажы ажываюць сюжэтамі з дзяцінства і юнацтва, дзе глыбока пушчаны карані радавога дрэва. Нават у думках, але мы павінны трымацца за гэты маленькі свет, адкуль пачаўся наш шлях у вялікае жыццё. Гэты свет і ёсць наша Папараць-кветка. У ім і знаходзім мы сваю моц, апору і шчасце. Ён наш ахоўнік. Таму з вялікім хваляваннем, пачуццём радасці і гонару я прыязджаю на сваю малую радзіму. Для мяне гэты край заўсёды будзе асаблівым.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі, міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч,
старшыня праўлення Белкаапсаюза Валерый Іваноў завіталі ў палатку Шклоўскага раёна.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што фестываль праходзіць пад знакам сяброўства народаў, свята, якое аб’ядноўвае суседзяў, а Александрыя прымае не проста гасцей з блізкіх краін, а родных людзей.

Музычна-тэатралізаванае прадстаўленне “Малая Радзіма” адкрылі беларуская спявачка Алёна Ланская і ўдзельніцы конкурса прыгажосці “Міс Беларусь-2018”. А вось народны артыст Украіны Мікалай Гнацюк сваё выступленне пачаў са знакамітай песні “Малінавы звон”. Яе літаральна з першых акордаў падхапілі і госці свята. А затым артыст падзякаваў мілую, дарагую, родную Беларусь за магчымасць бачыць сваімі вачыма і разумець, што, “нягледзячы на сусветныя крызісы і смуты, што вось як можна, а галоўнае, як трэба жыць і працаваць на планеце Зямля”. Добры настрой гледачам таксама падаравалі Вікторыя Алешка, Анатоль Ярмоленка, іншыя папулярныя беларускія артысты, а таксама спецыяльныя госці з Украіны і Расіі – гурт “Лісапетны батальён”, Таісія Павалій, Сяргей Трафімаў, гурты “Блестящие”, “Синяя птица”. Адметна, што сярод такіх “зорак” у канцэртнай праграме прыняў удзел і калектыў з Оршы – народны хор ветэранаў вайны і працы гарадскога цэнтра культуры “Перамога”. Ён выканаў лірычную кампазіцыю “Бацькаўшчына”.

Пасля музычна-тэатралізаванага прадстаўлення Александрыя заззяла рознакаляровымі агнямі святочнага феерверка.

КУПАЛЬСКІЯ ВЯНКІ І НАРОДНЫЯ ПЕСНІ – З УСІХ БАКОЎ

Майстры і артысты з усіх куткоў Беларусі, а таксама Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Польшчы і іншых краін свету прадставілі свае экакультурныя праекты на александрыйскім Купаллі. Рэспубліканскі фестываль разгарнуўся на вялізнай тэрыторыі. Трапляеш сюды і адразу падхопліваеш хвалю свята.

З усіх бакоў льецца народная песня, выклікае апетыт пах шашлыкоў, аладак, іншых прысмакаў нацыянальнай кухні, не перастаешь здзіўляцца майстэрству народных умельцаў. І яшчэ паўсюль вышыванкі, і дзяўчаты ў купальскіх вянках. Колькі іх тут было сплецена, не пералічыць.

Свята ў Александрыі славіцца сваёй гасціннасцю. Пачастункаў на любы густ: украінскі боршч, беларускія дранікі і апетытныя літоўскія цэпеліны. А яшчэ духмяны хлеб, булкі і смачны квас з бочак. Каля харчовых палатак выстройваліся чэргі, каб паспрабаваць розныя стравы. На гандлёвых радах харчовыя і прамысловыя прадпрыемствы шырока прадставілі сваю прадукцыю, арганізавалі дэгустацыі, акцыі, розыгрышы прызоў... Сярод іх былі і прадстаўнікі Віцебшчыны, напрыклад, “Віцьба” і іншыя.

На працягу двух дзён на ўсіх тэматычных пляцоўках праходзілі канцэртна-забаўляльныя і конкурсныя праграмы, творчыя прэзентацыі, майстар-класы, выставы-кірмашы, выставы-продажы і іншыя мерапрыемствы. Напрыклад, нямала было гасцей ля палаткі дырэкцыі II Еўрапейскіх гульняў 2019 года, дзе наведвальнікаў чакала забаўляльная спартыўная віктарына. А вось на інтэрактыўнай спартыўнай пляцоўцы аматараў здаровага ладу жыцця таксама чакала шмат чаго цікавага: стральба з лука, біятлон, веласпорт. На маладзёжнай пляцоўцы ўпершыню была арганізавана выстава экатурызму Беларусі “Адпачывайце ў вёсцы”, а канцэрты бардаўскай песні гучалі ўсе два фестывальныя дні. Не было адбою ад жадаючых сфатаграфіравацца ля экспанатаў выставы Мінскага трактарнага завода, асабліва ля ІТ-трактара “Беларус-4522”, прэзентацыя якога адбылася на свяце .

У нядзелю адзначалі Дзень Украіны. На вялікім “Сарочынскім кірмашы” майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Чарнігаўскай і Івана-Франкоўскай абласцей здзіўлялі сваімі арыгінальнымі вырабамі. Таксама адбыліся прэзентацыя страў і напояў украінскай кухні, выступленні калектываў народнай творчасці.

Ліпеньскі фэст у Александрыі, як заўсёды, падараваў шмат яскравых імгненняў, аб’яднаў людзей з розных краін свету і, безумоўна, даўно стаў брэндавым праектам, які дапамагае захоўваць культурныя традыцыі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Настасся ТУРОК. Фото аўтара i БЕЛТА.