Прызам за ўдалы дэбют «Крыштальная кветка» Беларускага саюза тэатральных дзеячаў узнагароджана маладая актрыса Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Анастасія Рэўчанка

logo
Среда, 28.03.2018 17:38 | Рубрика: Культура
03027

Дзяўчына ў 2016 годзе скончыла Віцебскі каледж культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «Рэжысура абрадаў і святаў», да таго адвучыўшыся год, як пажадалі бацькі, у Віцебскім філіяле Беларускай акадэміі сувязі, але зразумела, што гэта не яе.

— З дзяцінства любіла сцэну: спявала, наведвала тэатральны гурток, пяць гадоў прафесійна займалася танцамі. У акадэміі сувязі таксама ­ўдзельнічала ў творчай дзейнасці, у КВЗ, — расказала Анастасія. — У каледжы пашанцавала з таленавітым чалавекам і педагогам Уладзімірам Мядзведзевым, які паказаў жыццё тэатра. Ён жа запрасіў на ­адзін з экзаменаў тагачаснага дырэктара — мастацкага кіраўніка тэатра Валерыя Анісенку, які мяне заўважыў і паклікаў у тэатр. Спачатку гэта былі разавыя спектаклі, пробы, з цягам часу ўзялі канчаткова.

Дэбютам у якасці прафесійнай актрысы стала для Анастасіі роля Джыл у спектаклі «Дарослыя дзеці» паводле п’есы амерыканскага драматурга Леанарда Герша «Гэтыя вольныя матылькі» ў пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў Расійскай Федэрацыі Юрыя Пахомава. Актрыса стварыла яскравы і запамінальны вобраз легкадумнай Джыл, паказаўшы яе наіўнасць, непасрэднасць, лёгкасць у словах, да якой з часам прыходзіць разуменне: за свае ўчынкі трэба адказваць.

— У той час перада мной паўстаў складаны выбар: паступаць у Беларускую акадэмію мастацтваў альбо іграць у спектаклі, бо гэта вялікая роля з мноствам маналогаў, якая вымагае адпаведных высілкаў. Я выбрала ролю і аб гэтым ні кроплі не шкадую, збіраюся паступаць у акадэмію сёлета, — адзначыла актрыса.

Анастасія задзейнiчана ў спектаклях «Афінскія вечары», «Белы анёл з чорнымі крыламі», «Пазычанае шчасце», «Калісь глядзеў на сонца я…», «Рамэа і Джульета», «Доктар філасофіі», «Апошнія». Па словах дзяўчыны, узнагарода, якую яна атрымала з рук вядомага беларускага драматурга Аляксея Дударава, стала нечаканасцю і будзе дадатковым стымулам для творчай працы.

Скарбонку ўзнагарод таксама папоўнілі і калегі коласаўцаў з Беларускага тэатра «Лялька»: нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» ўзнагароджана вядучы майстар сцэны Вольга Лазебная, Ганаровую грамату Міністэрства культуры атрымала артыстка вышэйшай катэгорыі Наталля Гайдук, граматы Міністэрства культуры атрымалі рэжысёр-пастаноўшчык Міхась Клімчук і артыст вышэйшай катэгорыі Валерый Зімніцкі, а таксама Падзяка міністра культуры ўручана артыстцы вышэйшай катэгорыі Марыне Марозавай.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Андрэй ШЧАРБІЦКІ. Фота Алега КЛІМОВІЧА.