В Витебске открывается выставка, посвященная народной артистке Беларуси Светлане Окружной

logo
Пятница, 23.03.2018 15:40 | Рубрика: Культура
02228

У Міжнародны дзень тэатра, 27 сакавіка, у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы, прысвечанай народнай артыстцы Беларусі Святлане Акружной.

Святлана Акружная як актрыса, як выдатны тэатральны творца зрабіла вялікі ўклад у гісторыю беларускага сцэнічнага мастацтва. Створаныя ёй вобразы вылучаюцца глыбокім псіхалагізмам, сапраўднай мастацкасцю. Акрамя таленавітых сцэнічных работ, ёсць і яшчэ адзін момант у яе творчым жыцці, які вымагае ўвагі: Святлана Акружная натхніла многіх прафесійных фатографаў і мастакоў на адлюстраванне і пераасэнсаванне створаных ёй гераінь, яе самой – моцнай, вернай сабе і мастацтву асобы.

У мастацка-дакументальным праекце “Маё жыццё ў мастацтве” народная артыстка Беларусі Святлана Акружная праз сваю творчасць імкнецца паказаць мастацтва іншых.

Выстава складаецца з фотаздымкаў вядомых і маладых фотамастакоў, віцебскіх і мінскіх. Юрый Іваноў, Аляксандр Дзітлаў, Уладзімір Базан, Аляксей Вронскі, Міхаіл Шмерлінг, Уладзімір Крук, Аляксандр Хітроў, Антон Сцепанішчаў, Валерый Шышанаў, Пятро Анашчанка, Ганна Жыгур, Наталля Лавіцкая-Ярмолава... Аўтар большасці работ – знакаміты фоталетапісец Коласаўскага тэатра Сымон Кохан. Кожны майстра імкнуўся па-свойму адлюстраваць, перадаць, увасобіць народную артыстку. Злавіць яе ўнікальны позірк, рух, эмоцыю, думку. Наблізіцца да разумення яе гераінь, дакрануцца да невычэрпнага таленту. Перадаць гледачам тое, што пры адзінкавым праглядзе спектакля складана заўважыць, але можна навечна зафіксаваць на чорна-белых і каляровых здымках.

Пастаноўкай святла, выразнымі рысамі твару ці постаццю таленавітыя творцы адкрываюць тонкасць душы, упэўненасць і грацыёзнасць Святланы Акружной.

Арганізатары выставы ўпэўнены, што праз асобу Святланы Акружной у інтэрпрэтацыі фотамастакоў наведвальнікі змогуць яшчэ больш блізка далучыцца да велічы беларускага тэатра, тэатра імя Якуба Коласа, зразумець, наколькі моцна можа ўздзейнічаць мастацтва, асоба актрысы на гледача.

Праект “Маё жыццё ў мастацтве” (разам з работамі мастакоў) быў паспяхова прэзентаваны ў 2017 годзе ў віцебскім Мастацкім музеі і Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Пачынаючы з 27 сакавіка з ім змогуць пазнаёміцца і гледачы Коласаўскага тэатра.

Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца ў Міжнародны дзень тэатра, пачатак у 18.00.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Юрый ІВАНОЎСКІ, тэатразнаўца.