Удзельнікі “Еўрабачання-2017” — гурт NaviBand — выступілі ў канцэртнай зале “Віцебск” з прэзентацыяй новага альбома “Адной дарогай”

logo
Понедельник, 05.03.2018 11:29 | Рубрика: Культура
02777
Арцём і Ксюша адразу адзначылі, што наш горад — незвычайны, адзін з самых актыўных на творчыя сустрэчы. Яшчэ артысты сказалі, што ўпершыню выступаюць новым складам гурта.

Пачалі канцэрт з песні “Як я жыў без цябе” на вершы Сяргея Грахоўскага. Арцём прыгадаў, што зборнік з вершамі паэта ў чэрвені ім падарыла адна прыхільніца творчасці на канцэрце ў Мінску. Яны вельмі запалі ў душу, і артысты з лёгкасцю паклалі словы на музыку. Увогуле альбом “Адной дарогай” — чацвёрты ў калектыва, ён цалкам выкананы на роднай мове. Яго NaviBand запісаў адразу пасля ўдзелу ў “Еўрабачанні”, пасля якога яны ўсім гуртом з’ехалі на тыдзень у вёску пад Мінскам, дзе ізаляваліся ад гарадской мітусні. Натхненыя вялікай падтрымкай беларусаў на конкурсе, незвычайнай прыродай вёскі, любоўю адзін да аднаго, стварылі альбом.
На канцэрт у Віцебску прыйшло шмат аматараў творчасці гурта: сярод іх былі і людзі паважанага ўзросту, і дзеці. Апошніх Ксюша запрасіла выйсці на сцэну, каб усе ўбачылі самых малых прыхільнікаў беларускай музыкі і слова (дарэчы, сама артыстка ў хуткім часе рыхтуецца стаць мамай). Таксама на канцэрце былі ўдзельнікі фан-клуба NaviBand, якія прыехалі з розных куткоў Беларусі. Яны прапанавалі арганізаваць флэш-моб — разам спець песню “А дзе ты жывеш?”. Атрымалася цудоўна! Удзячныя за цёплую атмасферу, Арцём і Ксюша пасля выступлення раздавалі аўтографы і фатаграфаваліся з жадаючымі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алеся САМАТОЙ. Фота аўтара.