«Библионочь» в Витебске: постановка Шекспира, книги в формате 3D, мастер-класс салонных танцев XIX века

logo
Среда, 20.09.2017 11:39 | Рубрика: Культура
02637

Бібліятэкі Беларусі адзначылі сваё прафесійнае свята. У сувязі з гэтым на працягу тыдня ў Віцебску будуць праходзяць цікавыя мерапрыемствы. Адно з іх традыцыйна адбылося ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя М.Горкага.

“Бібліяноч” — так называлася вячэрняя сустрэча гасцей, чытачоў і супрацоўнікаў установы, пад час якой іх чакала шмат прыемных сюрпрызаў.

Ад імя гарадскога выканаўчага камітэта і гарадскога Савета дэпутатаў прысутных вітала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Шыянок.

— Сённяшнее надвор’е крыху змяніла трывалы рэгламент правядзення імпрэзы, але ж гэта не змарнуе нам настрой, адзначыла Наталля Аляксееўна. — Свята прымеркавана да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Таму яно становіцца яшчэ больш адметным і аб’ядноўвае не толькі чытачоў бібліятэкі, якая сабрала нас сёння, але і ўсё грамадства. Цікавасць да кнігі заўседы была, ёсць і будзе! Тым больш, сёння моладзь імкнецца да ведання беларускай гісторыі, культуры, мовы і літаратуры.

Наталля Шыянок уручыла кветкі Галіне Данілавай, якая ўзначальвае Цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму.

З нагоды сустрэчы ў неба запусцілі паветраны шар у выглядзе лічбы “5”, якая сімвалізуе, што свята ў бібліятэцы адбываецца ў пяты раз.

А далей ва ўсіх залах пачалі адбывацца творчыя імпрэзы. У вобразе Францыска Скарыны вітаў вядучы майстар сцэны Яўген Бераснеў. Пачала працаваць выстава графікі Цімура Гарыпава “Казкі старога Усхода”. Майстар-клас салонных танцаў XIX стагоддзя прапанаваў клуб гістарычнай рэканструкцыі “Паўночная вежа”. Жадаючыя прагледзілі фільм “Класіка+Кіно”. З літаратурна-музычнай кампазіцыяй “Шэкспір: кахаў, кахаю, каханы” выступілі навучэнцы каледжа культуры і мастацтваў.

Чытачоў пазнаёмілі і з незвычайнымі, асабліва каштоўнымі кнігамі. Ёсць сярод іх старыя (“Працы Ламаносава па фізіцы і хіміі” 1936 года, “Мемуары Напалеона” 1941 года), ёсць і тыя, што адпавядаюць усім сучасным тэндэнцыям. Напрыклад англамоўныя кнігі з бібліятэкі замежнай літаратуры ў фармаце 3D. Асаблівым цяплом прасякнуты кнігі, зробленыя рукамі чытачоў і супрацоўнікаў бібліятэкі: драўляныя, аб’ёмныя, з вышыванкамі — па творах Я.Коласа, Я.Купалы, Е.Лось.

Зачароўваюць малыя па фармаце (3 на 4 сантыметры), але не менш каштоўныя кніжкі-малышкі з творамі В.Мандэльштама, Б.Пастэрнака, С.Чорнага, М.Кузьміна і іншых.

Шмат цікавых гульняў на веданне мастацтва было падрыхтавана для гастей бібліятэкі ў гэты вечар. І самае галоўнае — у кожнага, хто раней не стаў яе чытачом, з’явілася добрая магчымасць бліжэй пазнаёміцца з кнігай!

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алеся САМАТОЙ. Фота аўтара.