Михаил Краснобаев назначен художественным руководителем Национального академического драмтеатра им. Якуба Коласа

logo
Четверг, 14.09.2017 08:17 | Рубрика: Культура
02432

13 верасня ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа адбыўся агульны сход супрацоўнікаў гэтага творчага калектыву. На ім прысутнічалі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Уладзіміравіч Святлоў і намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Ларыса Канстанцінаўна Аленская. Калектыву быў прадстаўлены новы мастацкі кіраўнік тэатра. На гэтую пасаду прызначаны рэжысёр-пастаноўшчык Міхась Дзмітрыевіч Краснабаеў. Увесь яго творчы шлях звязаны з нашым знакамітым калектывам.

Прыйшоў ён сюды працаваць у 1985 годзе артыстам пасля заканчэння тэатральнага факультэта Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Праявіў сябе выканаўцам шырокага творчага дыяпазону.Сярод найбольш значных вобразаў: Сымон («Сымон-музыка» Якуба Коласа), Рамэа («Рамэа і Джульета» У.Шэкспіра), Пётр («Мяшчане» М.Горькага), Шкаляр («Несцерка» В.Вольскага), Артур («Танга» С.Мрожака), Грэй («Пунсовыя ветразі» А.Грына), Гартэнзіа («Утаймаванне наравістай» У.Шэкспіра), Скалнас («Час быка» К.Саі), Сушчэня, Барэйка («Стрэл у тумане» і “Пакахай мяне, салдацік!” паводле В.Быкава). За стварэнне вобраза Сымона ўзнагароджаны Дыпломам Беларускага тэатральнага таварыства (1987).

У 2000-2001 гадах Міхась Дзмітрыевіч прайшоў рэжысёрскую падрыхтоўку ў Маскве, у Акадэміі перакваліфікацыі работнікаў мастацтва, культуры і турызму, дзе вучыўся ў народнага артыста Расіі, прафесара Пятра Фаменкі. У 2004 годзе пераведзены ў коласаўскім тэатры на пасаду рэжысёра-пастаноўшчыка.

Першы спектакль М.Краснабаева у якасці рэжысёра «Вераб'іная ноч» па матывах пралогу да рамана «Нельга забыць» Ул.Караткевіча высока ацэнены крытыкай і тэатральнай грамадскасцю на рэспубліканскім аглядзе маладзёжных работ (1996). На камернай сцэне тэатра паставіў спектаклі: «Плач, саксафон!» І.Сідарука, «Стрэл у тумане» па аповесці В.Быкава «У тумане». У 1998 годзе адбыўся рэжысёрскі дэбют Міхаіла Краснабаева на вялікай сцэне – «Школа блазнаў» Мішэля дэ Гільдерода – сведчанне значнага ўдасканалення прафесіяналізму. У актыве Краснабаева – пастаноўкі спектакляў «Люці» А.Дударава, «Доктар Айбаліт» па матывах кінасцэнару В.Карастылёва і Р.Быкава «Айбаліт-66», «Ладдзя роспачы» паводле Ул.Караткевіча ( рэжысёр стаў лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу п'ес для тэатра «Чалавек і грамадства» за інсцэніроўку гэтай аповесці (2003), «Вар’яцкае танга кахання» С.Шэпарда, «За двума зайцамі» М.Старыцкага, “Жарты” паводле твораў М. Чарота, Л. Родзевіча і Я. Купалы ( спектакль прымаў удзел у V Усерасійскім фестывалі “Руская камедыя”, які праходзіў у Растове-на-Доне, 2012). Яны вызначаліся высокай сцэнічнай культурай, уменнем рэжысёра выявіць актуальныя праблемы сучаснасці. Пастаноўкі карысталася папулярнасцю ў гледачоў Віцебска, а таксама на гастролях у гарадах Санкт-Пецярбург, Арол, Бранск (Расія), Адэса (Украіна), Беласток (Польшча).

Асаблівае месца ў творчым арсенале рэжысёра займаюць пастаноўкі па творах Уладзіміра Караткевіча, яго любімага аўтара. Сярод найбольш значных работ – пастаноўкі “Леаніды не вернуцца на Зямлю” паводле рамана “Нельга забыць”, які быў намінаваны на атрыманне II Нацыянальнай тэатральнай прэміі (2012 г.), і “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. У абодвух выпадках Міхась Дзмітрыевіч выступаў і ў якасці аўтара інсцэніровак.Добрая прафесійная падрыхтоўка, творчая ініцыятыва, сур’ёзныя адносіны да мастацтва далі магчымасць Міхасю Дзмітрыевічу Краснабаеву заняць адно з вядучых месцаў у коласаўскай трупе.

За апошнія гады ў рэжысёра з’явіліся новыя пастаноўкі: “Да трэціх пеўняў” В.Шукшына, “Шукаем тэнара!” К.Людзвіга, “Смяротны нумар” А.Антонава, “Снежная каралева” Я.Шварца паводле Х.-К.Андэрсена, “Прыгоды Дзюймовачкі” П.Ісайкіна паводле Х.-К.Андэрсена, “Доктар філасофіі” Б.Нушыча. Зараз рэжысёр працуе над аднаўленнем спектакля “Перабор” па п’есе Херберта Бергера, прыступае да пастаноўкі п’есы Максіма Горкага “Апошнія” (прэм’ера мяркуецца ў лістападзе).

Міхась Краснабаеў узнагароджаны граматамі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў (1996), аддзела культуры Віцебскага аблвыканкама (2010), Падзякай старшыні Віцебскага аблвыканкама (2006),Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2010), Падзякай Міністра культуры Рэспублікі Беларусь (2012), Ганаровым знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” (2015), ганаровым званнем “Чалавек года Віцебшчыны” (2016).

Віншуем Міхася Дзмітрыевіча з прызначэннем на высокую і адказную пасаду і спадзяемся, што пад яго кіраўніцтвам тэатр імя Якуба Коласа дасягне новых творчых вышынь.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Фото kolastheatre.by