92-ы сезон Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа традыцыйна адкрыецца камедыяй «Несцерка»

logo
Суббота, 02.09.2017 16:27 | Рубрика: Культура
02525

92-ы сезон Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа традыцыйна адкрыецца камедыяй «Несцерка», якая на сёння з’яўляецца візітнай карткай коласаўцаў. Сёлета спектаклю споўнілася 75 год, а гледачы ўсё працягваюць шчыра смяяцца з жартачак Несцеркі. 9 верасня, а 18-й гадзіне, у віцебчан і гасцей горада будзе магчымасць яшчэ раз паназіраць за прыгодамі дасведанага беларускага дасціпніка.

Сёлета верасень для Коласаўскага тэатра як ніколі насычаны падзеямі. І першыя адбудуцца яшчэ да афіцыйнага адкрыцця. У падарунак шаноўным гледачам сезон пачынаецца з гастроляў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага. 7 і 8 верасня на віцебскай сцэне будуць паказаны камедыі па п’есах італьянскіх драматургаў – «Viva Commedia!» Р.Піппа і «Карчмарка» К.Гальдоні.

Яшчэ адной значнай падзеяй верасня з’яўляецца прэм’ера рамантычнай камедыі «Самая жаданая» паводле п’есы сучаснага беларускага драматурга Сяргея Гіргеля «Самая-самая». Рэжысёр Ніна Обухава. Адну з галоўных роляў выконвае народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Тадэвуш Кокштыс. Прэм’ерныя паказы спектакляў адбудуцца 22 і 23 верасня.

У верасні два акцёры Коласаўскага тэатра святкуюць свае юбілеі. 24 верасня спектаклем «Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.Патрыка адзначыць юбілейную дату заслужная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова. А 27 верасня вядучы майстар сцэны Юрась Цвірка запрашае ўсіх на 50-годдзе і парадуе амаратаў сваёй творчасці камедыяй «Доктар філасофіі» Б.Нушыча, дзе ён выконвае галоўную ролю Жываты Цвіёвіча.

Завершыцца верасень яшчэ аднымі гастролямі: мінскі тэатральны праект «Comеdy-Art» прапануе камедыі па п’есах беларускага драматурга Анатоля Дзялендзіка «Жанчына як сродак зносін» і «Палюбоўніцы майго мужа».

Акрамя таго, коласаўская пастаноўка «Тр’ям! Вітаю!» С.Казлова прымае ўдзел у фестываль казак «Казачны джэм», якія адбудзецца ў Мінску з 21 па 25 верасня. Рэжысёр спектакля Ірына Цішкевіч.

Удзел у фестывалях працягнецца і ў кастрычніку. 11 кастрычніка спектакль «Шагал... Шагал...» У.Драздова прыме ўдзел у XXXIII Міжнародным тэатральным фестывалі «Ліпецкія тэатральныя сустрэчы», які праводзіцца Ліпецкім акадэмічным тэатрам імя Л.Талстога. Пастаноўка заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віталя Баркоўскага добра вядома ў нашай краіне і далёка за яе межамі і да гэтага часу не губляе глядацкай сімпатыі і ўвагі.

У кастычніку адбудзецца паказ адноўленай пастаноўкі «Перабор» паводле Х.Бергера. Рэжысёр Міхась Краснабаеў. На першы погляд, спектакль пра звыклы любоўны трохкутнік. Насамрэч, кутоў там больш, трэба толькі быць больш шчырым – і даведаешся даволі шмат. І пра ўласную жонку, і пра свайго суседа.

Таксама ў кастрыніку адбудуцца абменныя гастролі з Беларускім тэатрам юнага гледача (5-6 кастрычніка) і Брэсцкім акадэмічным тэатрам драмы (25-27 кастрычніка).

У 92-м сезоне запланаваны шэраг новых пастановак, сярод якіх «Апошнія» М.Горкага, «Сымон-музыка» паводле Якуба Коласа, «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра (рэжысёр Міхась Краснабаеў), «Прыгоды Чыпаліна» А.Бадуліна і А.Чутко паводле Дж.Радары (рэжысёр Ірына Цішкевіч) і іншыя.

Прэс-канферэнцыя з нагоды адкрыцця 90-га тэатральнага сезона адбудзецца  8 верасня, а 14-й гадзіне, у тэатральнай гасцёўні.

Кантакты: літаратурна-драматычная частка Нацыянальнага акадэмчнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа

тэл. (+375 212) 62-63-97, e-mail: teatrkolasa.az@gmail.com, http://kolastheatre.by

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.