12 жніўня ў аграгарадку Мазалава работнікі мясцовых устаноў культуры і жыхары ўпершыню ладзілі свята калодзежа, які вядомы сярод апошніх як Шульцаў

logo
Понедельник, 14.08.2017 17:20 | Рубрика: Культура
01833
Калодзеж быў абраны нездарма пляцоўкай для правя­дзення свята. Справа ў тым, што ён пабудаваны на левым беразе ракі Лужаснянкі, дзе з даўніх часоў б’юць гаючыя крыніцы, насупраць візітоўкі гэтага маляўнічага кутка — помніка архітэктуры ХІХ стагоддзя — сядзібнага дома вядомага дзеяча Віцебшчыны Ігната Манькоўскага (знахо­дзіцца на правабярэжжы). Рашэнне аб уладкаваннi студні было прынята ў 1973 годзе сем’ямі Бесавых, Кіргетавых і Шульцавых, падворкі якіх знаходзяцца на ўзгорку побач з калодзежам. У будаванні студні прымалі ўдзел Мікалай Афанасьевіч Бесаў, Аляксандр Рыгоравіч Кіргетаў, Васіль Іванавіч Шульцаў і іншыя. На свяце прысутнічала паважаная жыхарка Ганна Бесава, якой самадзейныя артысты падарылі кветкі. Яшчэ факт: калодзеж і тэрыторыя вакол яго былі добраўпарадкаваны ў гэтым годзе падчас сумеснай ініцыятывы «Адукацыя і адраджэнне гісторыка-эканамічнай спадчыны для ўстойлівага развіцця Мазалаўскага і Бабініцкага сельскіх Саветаў» у межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Пашырэнне эканамічных магчымасцяў у сельскай Беларусі».
Ганна Бесава.
Падчас свята калодзежа вяскоўцы спявалі і танцавалі, спрабавалі гаючую ваду, успаміналі казкі і паданні пра студні. Цудоўны настрой удзельнікам свята падарылі народны жаночы клуб «Залаты ўзрост» і тэатральны гурток «Вобраз», а самыя дапытлівыя змаглі наведаць выставу літаратуры «Жыве плынь крыніц крыштальных» у сельскай бібліятэцы.
Народны жаночы клуб «Залаты ўзрост».
Як паведаміла мастацкі кіраўнік Мазалаўскага СДК Аксана Дрыгебка, традыцыя ладзіць святы студняў і крыніц працягнецца, а свята Шульцава калодзежа стане штогадовым, бо калодзежы — гэта своеасаблівыя і непаўторныя водныя аб’екты, якія захаваць і ўратаваць — наша задача.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Андрэй СТРУНЧАНКА.