Увидеть настоящие национальные костюмы различных регионов Витебщины можно на выставке «Сцяжкі майстэрства-2017»

logo
Пятница, 17.03.2017 18:28 | Рубрика: Культура
04354

Адчуць каларыт гістарычнай эпохі — зусім не цяжкая справа, бо побач — цуд, што стварылі майстры Прыдзвіння.

І цуд гэты — на конкурснай выставе «Сцяжкі майстэрства-2017» у Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. Тут адкрыўся чарговы этап ад­найменнага праекта ВАМЦНТ па папулярызацыі народнага адзення Віцебшчыны.

Дагэтуль двойчы — у 2015-м у Сянне і ў 2016-м у Віцебску — праходзілі святы, прысвечаныя адраджэнню строяў XIX — пачатку XX стагоддзяў. Майстры ў асноўным працавалі над летнім адзеннем і міжсезонным, а цяпер у экспазіцыю ўпершыню ў поўнамаштабным аб’ёме ўключаны зімовыя народныя строі, камп­лекты і асобныя рэчы.

Майстры з пятнаццаці рэгіёнаў Віцебшчыны прадэманстравалі ўнікальныя працы і праз адзенне паказалі эстэтычныя густы і этычныя погляды людзей свайго краю, саслоўныя адметнасці і той самы каларыт часу.

Як падкрэсліла на адкрыц­ці выставы вядучы метадыст па сцэнічнаму і народнаму касцюму ВАМЦНТ кандыдат мастацтвазнаўства Людміла Вакар, строі Падняпроўя, Падзвіння і Па­азер’я Віцебшчыны ўтрымліваюць непаўторныя кампазіцыйныя рашэнні, каларыты, арнаментальныя матывы.

Цікавую калекцыю адзення прадставіў Лёзненскі Дом рамёстваў, ды такую, што і сучасная модніца пазайздросціць… манекену, на якім — верхняя жаночая світка з лямцу Дома рамёстваў. Выдатныя працы прадставіў КГК «Залатое кола горада Віцебска «Дзвіна», майстры аднавілі мужчынскую світу адпаведна артэфакту са збору абласнога края­знаўчага музея і праз пэўныя атрыбуты надалі гэтаму ансамблю вобраз Несцеркі. Сапраўднымі шэдэўрамі рэканструкцыі народнага адзення з’яўляюцца мужчынскія строі, якія прадставіла Надзея Гутнікава з цэнт­ра народных мастацкіх рамёстваў «Адраджэнне» Віцебскага раёна. Яна аднавіла касцюм з партрэта Іллі Рэпіна «Беларус» і па ўзору краязнаўчага музея — ансамбль з армяком. Гэтыя рэчы адлюстроўваюць мужчынскія строі, характэрныя для цэнт­ральнай часткі Падзвіння.

Віцебскае Паазер’е, цэнтрам якога з’яўляецца Глыбокае, прадстаўлена трыма камплектамі, якія даюць уяўленне аб класічным для беларускай культуры касцюме, этніч­на вытрыманай традыцыі.

Мужчынскія фрэнчы і галіфэ, якія насілі ў 1930—1940 гады, і жаночая верхняя «плюшоўка», папулярная ў 1940—1950-х, — асаблівая прыкмета заходніх рэгіёнаў. Гэтыя экспанаты прадстаўляе Браслаўшчына.

Майстры Сенненскага раёна, якія ўключыліся ў конкурс мясцовых ініцыятыў «Адра­джэнне нацыянальнага касцюма Сенненскага строю» (фінансуе Еўрапейскі Саюз) і выйгралі яго, у мінулым годзе ўзнавілі шэсць касцюмаў рознага перыяду. Рэканструкцыя адзення стала прывабнай часткай выставы.

Прыцягваюць увагу міжсезонныя мужчынскі (насоў, саламяны капялюш) і жаночы (андарак — саматканая спадніца ў клетку, курта, хуста) камплекты канца XIX — пачатку XX стагоддзяў з Гарадка. Як падзялілася дырэктар Дома рамёстваў і фальклору Марына Гушча, гэтае верхняе адзенне — маленькая частка калекцыі рэканструяваных касцюмаў гарадоцкімі майстрамі, якая стваралася па выніках этна­графічных экспедыцый па вёсках і складаецца сёлета з 40 камплектаў.

Сапраўды цуд! Калі б усе, хто прыйшоў на выставу «Сцяжкі майстэрства», змаглі апрануць тыя тканыя курты, андаракі і саяны, а з лямцу валенкі ды магеркі, скураныя шапкі, вязаныя рэчы з прыгожым арнаментам, то атрымалася б дзіўная гістарычная метамарфоза. Да таго ж у выдатным музычным суправаджэнні — са спевамі ўдзельнікаў знакамітага народнага фальклорнага гурта «Глейна» Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна. Дарэчы, жанчыны заўсёды выступаюць у сцэ­нічных касцюмах, якія адпавядаюць мясцовай традыцыі, ды і вышыўка на кашулях ручная — сапраўдны фі­лігранны твор майстрых з Дома рамёстваў.

Выстава «Сцяжкі майстэрства» адкрыта для прыхільнікаў народнай творчасці да 7 красавіка.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталія КРУПІЦА. Фота аўтара.