О новых фактах основания Витебска и роли в этом княгини Ольги рассказали на лекции в областной библиотеке

logo
Среда, 12.10.2016 10:03 | Рубрика: Культура
02459

Напрыканцы верасня ў чытальнай залі абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна прайшла другая лекцыя па гісторыі Віцебска. Сустрэча зацікаўленых мінуўшчынай людзей адбылася ў межах бясплатных лекцыйных курсаў «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада». Арганізатарамі выступілі кафедра гісторыі Беларусі ВДУ імя П.М. Машэрава, абласная бібліятэка, клуб гістарычнай рэканструкцыі Vargentorn і Віцебскі гарадскі партал.

Праект уяўляе сабою папулярызаваны расповед мадэратараў і запрошаных экспертаў пра асноўныя старонкі гісторыі Віцебска. Акрамя гэтага, у залі кожны раз праходзіць выстава кніг па тэме лекцыі, а ў сацыяльных сетках дадаткова размяшчаецца спіс рэкамендаванай літаратуры і электронных спасылак, на існуючыя рэсурсы. Выступоўцы адказваюць на пытанні аўдыторыі і тлумачаць найбольш складаныя моманты.

На пачатку чарговай лекцыі слухачы ўшанавалі хвілінай маўчання памяць дэкана гістарычнага факультэта ВДУ імя П.М. Машэрава Валерыя Шораца, які ў 59-гадовым ўзросце заўчасна пайшоў з жыцця.

Другая сустрэча зноў прайшла пры поўным аншлагу. Прысвечана яна была легендзе пра заснаванне княгіняй Вольгай Віцебска. Падчас лекцыі былі агучаны новыя факты, знойдзеныя гісторыкамі Максімам Макаравым і Валерыем Шышанавым, якія падцвярджаюць доўгае існаванне легенды ў нашым горадзе яшчэ да напісання Віцебскага летапісу ў 1768 годзе. У прыватнасці прывілей ваяводы Віцебскага Казіміра Аляксандра Пацея 1714 года Дабравешчанскай царкве, у якім гаворыцца пра заснаванне Віцебска Вольгай, як пра выдомы ў горадзе факт. Разглядаліся тры варыянты часу з’яўлення легенды пра Вольгу: гістарычны міф XVIII стагоддзя, псеўдагістарычнае паданне XVII стагоддзя ці легенда заснавана на рэальных падзеях наведвання князёўнай Віцебска і доўгі час існавала ў горадзе ў вуснай форме.

Выкладчык кафедры гісторыі Беларусі, кандыдат гістарычных навук Мікалай Пархімовіч распавёў слухачам пра перыяды фарміравання беларускага этнасу, рассяленні індаеўрапейцаў і часы калі яны з’явіліся на Беларусі. Ён параіў да чытання некалькі крыніц па гэтай тэме. У ходзе размовы ўздымалася тэма балцкага субстрату ў беларускім этнасе, лакалізацыі плямёнаў крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў на землях сучаснай Беларусі.

Мадэратары мерапрыемства гісторыкі, кандыдаты навук Дзяніс Юрчак і Анатоль Дулаў працягнулі лекцыю расповедам пра стварэнне Віцебскага летапісу і спрэчных пытаннях даціроўкі заснавання горада. Яны таксама закранулі аспект таго, ці ёсць падставы меркаваць, што ў аснову легенды пра Вольгу пакладзены рэальны факт. У абарону сваёй версіі прывялі наступныя доказы: прыналежнасць Віцебска да 1021 года кіеўскім князям (падпарадкаваць Кіеву мясцовых крывічоў магла толькі Вольга); археалагічныя дадзеныя развіцця Віцебска як гарадскога пасялення; сам факт існавання мясцовага падання. Хоць, безумоўна, адзначылі яны, на сённяшні дзень немагчыма адназначна сцвярджаць, што Вольга была ў Віцебску.

Было шмат ахвотных задаць пытанні лектарам. Некаторыя тэмы выклікалі гарачыя дыскусіі паміж слухачамі і выступоўцамі.

Дарэчы, курсы праходзяць у абласной бібліятэцы кожны другі і чацвёрты чацвер месяца.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Андрэй ШЧАРБІЦКІ. Фота аўтара.