Культурная бессонница. Что происходило в четвертую «Библионочь» в Витебске?

logo
Понедельник, 19.09.2016 14:52 | Рубрика: Культура
02391

На ганку бібліятэкі імя М. Горкага чытачоў сустракалі канцэртнай праграмай.

На працягу тыдня праходзілі мера­прыемствы, прысвечаныя Дню бібліятэк Беларусі. Найбольшую цікавасць чытачоў выклікала чарговая «Бібліяноч», якая прайшла ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Максіма Горкага. Насычанае падзеямі мерапрыемства сабрала шмат аматараў кнігі. У залах бібліятэкі чытачоў чакалі незвычайныя прадстаўленні, кніжныя перфомансы, міні-канцэрты, выставы, інсталяцыі і іншае.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гарвыканкама Наталля Шыянок перад пачаткам мерапрыемства павіншавала прысутных са святам і ўручыла кветкі ў знак павагі да прафесіі бібліятэкара дырэктару цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Віцебска Галіне Данілавай.

У літаратурнай кавярні панавала ўтульная атмасфера.

— У першую чаргу выказваю словы падзякі ўсім, хто спрычыніўся да арганізацыі гэтага свята. Увогуле хачу сказаць, што бібліятэка без вас, чытачоў, і кніг — гэта мёртвая ўстанова, проста сховішча кніг. Ужо чацвёрты год запар у дзень нашага прафесійнага свята мы сустракаемся з вамі і спадзяёмся, што гэты вечар падорыць вам шмат прыемных і незабыўных уражанняў, музыкальных, літаратурных сюрпрызаў і добры настрой, — адзначыла Галіна Георгіеўна і за­прасіла ўсіх, хто сабраўся перад уваходам у бібліятэку, адзначыць свята разам.

Прэзентацыя строяў мінулых стагоддзяў.

Стала бібліятэчнай традыцыяй адкрываць якую-небудзь выставу. У гэтым годзе сваю экс­пазіцыю фларыстыкі, вышыўкі, выпадковай графікі прадставіла сямейная пара Анатоля і Людмілы Швед. У канферэнц-зале педагог дзіцячай школы мастацтваў №4 Аляксандр Аўчыннікаў парадаваў блюзам на саксафоне.

Цікавай была праграма і ў зале абанемента. Навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа паказалі дэфіле ў калекцыі гістарычных касцюмаў «Тэатр моды»: спачатку яны прайшлі ў строях беларускай шляхты, а потым прадставілі касцюмы, на якіх былі адлюстраваны славутасці нашага горада.

Паміж паказамі стваралі музычную паўзу, іграючы на скрыпцы, саксафоне і флейце, удзельнікі вакальнай студыі «Крэда» пад кіраўніцтвам Яўгена Волкава. Тэатральны праект «Думкі. Маякоўскі» з імправізаванай сцэны ад студэнтаў Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў настроіў чытачоў на роздум пра жыццёвы шлях і лёс Ула­дзіміра Маякоўскага.

Педагог дзіцячай школы мастацтваў №4 Аляксандр Аўчыннікаў.

Падчас свята прысутныя мелі магчымасць наведаць кнігасховішча, якое ў звычайныя дні для чытачоў не­даступнае. Там былі арганізаваны цікавыя акцыі: можна было змераць свой рост у кнігах, вылечыцца ад жартоўных дыягназаў «захворванне бестселерам», «казачная ангіна» ў фітабары, які знаходзіўся побач.

У рамках бібліятэчнага праекта «Кнігі майго жыцця» адбылася сустрэча з гісторыкам, краязнаўцам Людмілай Хмяльніцкай. Яна расказала пра сваю любоў да кнігі, якую ёй з дзяцінства прывівала маці, і адзначыла, што менавіта бібліятэкі дапамаглі ёй атрымаць патрэбныя веды.

У чытальнай зале канцэртную праграму прадставіў ансамбль «Забава». Прыйшоўся даспадобы прысутным і тэатр пантамімы «Ч/Б». Хлопцы і дзяўчаты з дапамогай мімікі і жэстаў як весялілі людзей, так і прымушалі задумацца.
Які ваш рост у кнігах?
У аддзеле інфармацыйна-біблія­графічнай працы прайшла літаратурная кавярня «Пад Абажурам». У нефармальнай і ўтульнай атмасферы з кубкам кавы ці гарбаты чытачы су­стрэліся з прадстаўнікамі літаратурнага саюза «Полоцкая ветвь», віцеб­скай паэтэсай, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Аленай Крыклівец, якія прачыталі свае паэтычныя і празаічныя творы. У кінасалоне «Класіка + Кіно» можна было прагледзець і абмеркаваць фільм «Дзве жанчыны» рэжысёра Веры Глаголевай па матывах п’есы Івана Тургенева «Луна ў вёсцы».


Скончылася мерапрыемства флэш­мобам, дзе прысутныя запалілі бенгальскія агні, уключылі экраны гаджэ­таў, якія сімвалізавалі сваю «зорку» ў «бібліягалактыцы».

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Андрэй ШЧАРБІЦКІ. Фото аўтара.