У Гарадку прайшло раённае свята народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору

logo
Четверг, 09.06.2016 14:30 | Рубрика: Культура
04256

У Гарадку прайшло раённае свята народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору, прысвечанае К.Вераніцыну, — прыгожае, вялікае, шчырае, як душа людзей, якія спакон вякоў жывуць на гэтай зямлі.

Святло яркай бліскавіцы талента Канстанціна Вераніцына, які 15 красавіка 1855 года завяршыў у Гарадку напісанне паэмы «Тарас на Парнасе», даходзіць і да нашых дзён. Восьмы раз на Гарадоччыне, радзіме самага славутага беларускага ананіма, ладзіліся ўрачыстасці. У яснае неба ўзляцела эмблема свята, якую ўзнялі старшыня райвыканкама П.Карабач і старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Т.Краснова-Гусачэнка. Над Гарадком луналі знаёмыя вершы, звінелі родныя песні.

Гарадакчане і ганаровыя гос­ці свята, у ліку якіх былі лі­та­ра­тары У.Крайнеў, К.Нілаў, У.Пап­ко­­віч, Н.Саветная, А.Лісняк, мас­такі І.Хіцько і Ф.Гумен, кавалер ордэ­на Працоўнага Чырвонага Сцяга, двух ордэнаў «Знак Пашаны» Н.Сянчура, аддалі даніну павагі славутаму земляку ля скульптурнай кампазіцыі «Тарас на Парнасе». Да помніка ўсклалі жывыя кветкі.

Традыцыйную акцыю «Чытаем паэму разам» сёлета падтрымалі настаўнікі і вучні школ Гарадоччыны. Гумарныя радкі паэмы ўжо другое стагоддзе з вуснаў у вусны перадаюцца многімі пакаленнямі беларусаў і, як калісьці, вы­клікаюць усмешкі трапнасцю дыялектнай мовы гэтай мясцовасці, сакавітых вобразаў.

«Сцежкамі Тараса» па маршруце Гарадок — Астраўляны — Гарадок, па авеяных легендамі дарогах, якімі хадзіў і К.Вераніцын, рушылі 40 удзельнікаў велапрабегу, арганізаванага раённым аб’яднаннем прафсаюзаў. Затым эпіцэнтр свята перамясціўся ў дзіцячы парк за Домам культуры.

Яшчэ з раніцы яго аздобілі беларускія панадворкі, аформленыя сельскімі Саветамі, каледжамі і птушкафабрыкай. Тут жа развярнуліся выстава-продаж вырабаў народных майстроў мясцовага Дома рамёстваў і фальклору, гасцей з Полацка і Віцебска, пляцоўкі раённай бібліятэкі, райспажыўтаварыства, раённага аддзялення таварыства паляўнічых і рыбаловаў, гандаль дзіцячымі цацкамі, пленэр навучэнцаў мастацкага аддзялення ДШМ Гарадка.

Папкорн у гэты дзень не быў запатрабаваны: куды больш прывабнымі былі прысмакі, што, устаўшы на досвітку, прыга­тавалі сельскія гаспадыні, удзельніцы народных аматарскіх аб’яднанняў «Сладушка» Пальмінскага СДК і «Гаспадынька» Ка­бішчанскага СДК, клубы нацыянальных кухняў Віраўлян­скага, Бычыхінскага, Даўгаполь­ска­га (на здымку), Халамерска­га, Вера­меўскага, Вархоўскага да­моў культуры. Засцеленыя вышыванымі абрусамі сталы здзіўлялі багаццем печыва, адмысловымі стравамі з бульбы, рыбы, мяса, гародніны. З густам сельсаветы падышлі да афармлення сваіх пляцовак: жывыя кветкі і іх расада, калодзежныя зрубы і лялькі, латарэі і забаўлянкі для дзяцей... Малыя ахвотна лавілі ў надзіманай лодцы сярод лісця гарлачыкаў жывых карасёў, фатаграфаваліся ў боскай калясніцы і тантамарэсцы ў вобразе палясоўшчыка Тараса.

Заўсёды радуе фантазія і адказнасць, з якой падыходзіць да арганізацыі работы сваёй пляцоўкі ААТ «Птушкафабрыка Гарадок». Сёлета на ёй можна бы­ло сустрэць багоў з Парнаса, М.Гогаля, А.Пушкіна, пад’есці тут жа падсмажанай на патэльні гарачай яешні, выйграць прызы. Пашанцавала ўзяць галоўны з іх, вялізнага індыка, Наталлі і Пашы Чулковым. Арганізатары ўсіх святочных пляцовак былі адзначаны падзякамі райвыканкама, якія ўручыла старшыня Гарадоцкага раённага Савета дэпутатаў С.Зуева. А намеснік старшыні райвыканкама Н.Бурунова выказала думку, што «Гарадоцкі Парнас» становіцца сапраўдным брэндам Гарадка і мае шанц стаць урачыстасцю абласнога маштабу.

У рамках свята праходзіў V Раённы адкрыты конкурс тэматычных вырабаў народных майстроў і мастакоў «Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса?» Яго вы­нікі падвяла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н.Гамзюк, звярнуўшы ўвагу, наколькі прыцягальнымі для творчасці застаюцца вобразы людзей і краявідаў, створаныя К.Вераніцыным. Вераніцынскі фэст дазваляе яшчэ раз азірнуцца на сваю мінуўшчыну, з гонарам узгадаць, якога вялікага чалавека нарадзіла наша зямля.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Святлана ЯКАЎЛЕВА. Фота аўтара.