В витебской библиотеке имени Горького Год культуры отметили акцией за здоровый образ жизни

logo
Среда, 25.05.2016 12:36 | Рубрика: Культура
03889

Цікавае і вельмі карыснае не толькі для людзей сталага ўзросту мерапрыемства  пад назвай “Як не старэць па-беларуску” правялі ў бібліятэцы імя М.Горкага

Тут вырашылі пашырыць тэматыку Года культуры такім аспектам, як здаровы лад жыцця, без якога сучасны чалавек не можа лічыць сябе культурным, самадастатковым. І лектараў запрасілі надзвычай дасведчаных і самабытных. Справа ў тым, што размаўлялі яны з аўдыторыяй па-беларуску. Не толь­кі таму, што гэта адна з дзяржаўных, мова тытульнай нацыі, якой мы ў паўсядзённым жыцці надаём недастаткова ўвагі. Як сцвярджае загадчык кафедры медыцынскай рэабілітацыі дацэнт Віцебскага дзяржаўнага медуніверсітэта Таццяна Аленская, родная мова з’яўляецца адным з дзейсных сродкаў гэтай самай рэабілітацыі, яна стварае нейронныя сувязі галаўнога мозга, якія застаюцца надоўга. І калі чалавек карыстаецца сваёй мілагучнай мовай, гэта генетычна падтрымлівае яго мозг у добрым рабочым стане, прафілактуе дэменцыю (слабасць разумовай дзейнасці) у сталым ўзросце, дапамагае больш прыстасавацца да жыцця, у якім з гадамі, хочам мы альбо не, узнікаюць пэўныя праблемы, абмежаванні. Уво­гуле ж, арсенал сродкаў мед­рэабілітацыі вельмі вялікі. З практыкі даследаванняў кафедры Таццяна Леанідаўна прывяла шмат прыкладаў: фізічная актыўнасць і такая яе папулярная разнавіднасць, як сканды­наў­ская хадзьба, эргатэрапія ці трэніроўка дробнай маторы­кі, клопат аб раслінах, ігларэфлекса-, танцавальная, арома- і музыкатэрапія, уздзеянне твораў мастацтва і нават звычайнага сонечнага святла…

Пра тое, як пераадольваць узроставыя абмежаванні і не страчваць якасць жыцця, прысутным расказаў першы намеснік старшыні Беларускага геранталагічнага грамадскага аб’яднання прафесар Кірыл Прашчаеў. Выхаванец Віцебскага медінстытута, ён вельмі добра валодае беларускай мовай і ўпэўнены, што гэта павінна быць неад’емнай якасцю беларускага ўрача. Ну хаця б для таго, каб без перакладчыка зразумець пацыентку ва ўзросце, якая жаліцца на боль ў клубе. Гэта, канечне, адзін з мноства дасціпных жартаў, якімі была шчодра перасыпана лекцыя-трэнінг Кірыла Іванавіча (на здымку). А па сутнасці прафесар распавёў, што старэнне трэба ўспрымаць як нармальны, генетычна за­праграмаваны працэс. Ад нас за­лежыць толькі тое, каб ён заўчасна не пайшоў па паталагічным сцэнарыі. І клапаціцца пра гэта трэба загадзя, гадоў хаця б з сарака. Штодзённае ўжыванне не менш за 400 грамаў хрумсткай свежай гародніны, рухальная актыўнасць, у тым ліку трэніроўка мышцаў — рэцэпты вядомыя і нескладаныя для выканання. Але ж большасць гэта ведае толькі тэарэтычна. Між тым, сёння геранталагічная навука перагледзела крытэрыі здаровага старэння. Ужо не лічыцца, што гэты працэс не павінен суправаджацца хранічнымі хваробамі. Яны часцей за ўсё ёсць, таму пастаўлена задача ствараць для пажылых лю­дзей такі тэрапеўтычны безбар’ерны асяродак, які дазволіць ім мець нядрэнную якасць жыцця, адчуваць сябе паўнавартасным чалавекам. Першы вынік такой работы ўжо адчувальны ў Луначарскім доме-інтэрнаце Верхнядзвінскага раёна. Падставіць плячо людзям сталага ўзросту закліканы прадстаўнікі маладога пакалення, дзеці і ўнукі сталых людзей. Клопат, проста зносіны з імі дапамагаюць пераадольваць так распаўсюджаную дэпрэсію, абыякавасць да жыцця ў другой яго палове.

Так што вучым і вучымся старэць ашчадна! Геранталагічнае грамадскае аб’яднанне Беларусі праводзіць з 2020 года дэкаду здаровага старэння, якая працягнецца цэлае дзесяціго­ддзе. А пакуль ёсць час на падрыхтоўку да яе. З 1 чэрвеня, як паведаміў Кірыл Прашчаеў, Ві­цебская вобласць стане эксперыментальнай пляцоўкай па пра­філактыцы дэменцыі. Так што будзе магчымасць і далей узбагачацца ведамі і дзейнічаць, рабіць сваё жыццё здаровым і паўнавартасным. Дарэчы, слухачамі гэтага лекторыя ў бібліятэцы сталі не толькі навучэнцы факультэта здароўезахавання, што арганізаваны ВДМУ на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Першамайскага раёна, але і студэнты медыцынскага ўніверсітэта. Заўтрашнім урачам падобныя веды трэба будзе ўкараняць у практычнай дзейнасці. Наша грамадства старэе, але мы можам дабіцца, каб старасць не ўспрымалася як нясцерпны цяжар.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Вера МУРАШКІНА. Фота аўтара.