У Верхнядзвiнским раённым Доме рамёстваў ткацтва на дошчачках і бярдзечку адраджае дырэктар Святлана Малахоўская

logo
Суббота, 18.01.2020 10:19 | Рубрика: Год народного единства
02047

— Мы тчэм паясы, ужо нават са­бралася невялікая калекцыя, — расказвае Святлана Васільеўна. — У адрозненне ад ткацтва на кроснах ці раме, такім рамяством можна займацца дома і нават без спецыяльных прылад. Замест драўляных пласцінак вельмі зручна выкарыстоўваць старыя пластыкавыя карткі — яны лёгка змяшчаюцца ў руцэ і паварочваюцца.

Аўтэнтычныя вырабы і традыцыйныя тэхнікі супрацоўнікі Дома ра­мёстваў знаходзяць падчас экспедыцый па раёну ці атрымліваюць ад мясцовых жыхароў. Напрыклад, не так даўно ў раённы краязнаўчы музей перадалі два шырокія — каля чатырох сантыметраў у шырыню — паясы, і ў хуткім часе майстры паспрабуюць стварыць іх сучасны аналаг.

На тэрыторыі Беларусі ткацтва было вядома са старажытных часоў — першыя прымітыўныя вырабы з'явіліся яшчэ ў эпоху верхняга палеаліту. Людзі ўручную ткалі вузкія палоскі, а потым сшывалі іх па даўжыні. У неаліце для вырабу тканіны пачалі выкарыстоўвацца дошчачкі. На тэрыторыі сучаснай Беларусі гэта часцей за ўсё былі квадраты з рабром каля 10–15 сантыметраў. Нітка працягвалася ў адтуліны, ствараючы аснову, пасля чаго адзін яе канец прывязваўся да чагосьці нерухомага, а другі — да пояса ткача. Усё гатова! Можна браць у рукі чаўнок і пачынаць ткаць. А калі захочацца памяняць узор, трэба паварочваць драўляныя пласцінкі ў розных напрамках.

Яшчэ адна старажытная ткацкая прылада — бяр­дзечка. Выглядае як грэбень: гэта прамавугольная дошчачка, падзеленая на зуб'і, якія могуць быць драўлянымі, трысняговымі ці з дроту. У сярэдзіне іх робяцца дзірачкі, праз якія праходзіць частка асновы з нітак. Другая частка прасоўваецца непасрэдна праз зуб'і. Як і ў выпадку з дошчачкамі, адзін канец асновы прымацоўваецца да пояса майстра, а другі — да нерухомага аб'екта. Бярдзечка выкарыстоўваецца для вырабу нешырокай тканай паласы: паясоў, вузкіх руч­нікоў, рагожы.

На тэрыторыі Верхнядзвінскага раёна ткацтва на кроснах існавала здаўна, але шырока вядомымі дрысенскія вырабы сталі толькі каля 30–40-х гадоў
XIX стагоддзя. Пры панскіх дварах ствараліся майстэрні, абсталяваныя ручнымі станкамі. Каштоўныя традыцыі ткацтва прынеслі ў цэх знакамітыя майстрыхі. Сярод іх — Соф'я Пяткоўская. Менавіта яна паўплывала на фарміраванне ўнікальнага стылю ўзорнага ткацтва Верхнядзвіншчыны. У гэты час пераважна выкарыстоўваліся пераборная і чатырохнітовая тэхнікі.

Зараз традыцыі Верхнядзвінскага ткацтва ў раённым Доме рамёстваў дапамагае адраджаць і захоўваць майстар Валянціна Шумская. Яна вучылася ў Лідзіі Прашкевіч, дзякуючы якой у свой час актыўна развівалася шасцінітовае двухуточнае ткацтва.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алёна МАРОЗ. Фота аўтара.