Без акампанiятара Мазалаўскага клуба «Залаты ўзрост» Антанiны Фiленкi не адбываецца нiводнае раённае мерапрыемства

logo
Пятница, 20.12.2019 16:07 | Рубрика: Год народного единства
01834

Без акампаніятара народнага жаночага клуба «Залаты ўзрост» Мазалаўскага сельскага дома культуры Антаніны Філенкі не адбываецца ніводнае больш-менш значнае раённае мерапрыемства.

Нарадзілася яна на захадзе Віцебшчыны, у Пастаўскім раёне. Дзяўчынкай была гарэз­лівай, што і прывяло да драматычнага выніку. У час адной з забаў моцна пабілася, пасля чаго атрымала інваліднасць. Вучылася ў школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннем зроку ў Гродне.

Яшчэ не маючы 16 гадоў, па размеркаванні трапіла на завод «Мега» (сёння ён з’яўляецца часткай прадпрыемства «Элект» ГА «БелТІЗ»). Працавала на швейнай вытворчасці, рабіла заколкі-«невідзімкі», вогнетушыцелі для машын. У выніку працоўны стаж склаў 47 гадоў: амаль паўстагоддзя на адным прадпрыемстве! Самаадданая праца Антаніны Філенкі была адзначана ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені. Шмат грамат і іншых узнагарод.

У свой час актыўна займалася спортам, была на спаборніцтвах у розных гарадах былога СССР. Ну і, канешне, удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. Не маючы спецыяльнай музычнай адукацыі, яна цудоўна валодае гармонікам і баянам. З’яўлялася ­ўдзельніцай і пераможцам многіх фестываляў і конкурсаў. Антаніна Філенка — старажыл народнага хору народнай песні «Славіца» прадпрыемства «Элект».

А потым творчы лёс звязаў і з Мазалавам. Спачатку супрацоўнічала з народным ансамблем народнай песні і музыкі «Вераснянка», а калі пад кіраўніцтвам Ірыны Толкач арганізаваўся «Залаты ўзрост», перайшла туды да равеснікаў.

Яе бліскучая ігра на інструменце натхняе ўдзельнікаў калектыву на новыя здзяйсненні. Натуральна, творчы працэс — не вельмі простая рэч. Даводзіцца прынамсі тры разы на тыдзень збірацца на рэпетыцыі. Затое потым што можа быць больш прыемным за ўдзячнасць слухачоў?

Варта сказаць, што клубнае аб’яднанне — гэта не толькі музыка і спевы, а яшчэ і кулінарнае мастацт­ва. Так, нядаўна ў Расонах прэзентавалі публіцы свой «вясельны стол», зразумела, пад акампанемент гармоніка, які запрашаў гасцей пачаставацца мазалаўскімі прысмакамі. Адраджаюць у аграгарадку і народнае старажытнае свята Багач, прысвечанае заканчэнню ўборкі зерневых.

Цікавы выпадак здарыўся сёлета, калі падчас «Славянскага базару» мазалаўцы выступалі каля помніка Пушкіну ў Віцебску. Іх вясёлыя песні так «запалілі» праходзячых побач зорак эстрады Ірыну Дарафееву і Таццяну Буланаву, што тыя самі пусціліся ў скокі.

Сёлета Антаніне Іосіфаўне споўнілася 70 гадоў, і яна ўпэўнена, што кожны ўзрост можа быць «залатым». А «самы-самы» ў яе яшчэ наперадзе!

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь БЫНЬКОЎ. Фота аўтара.