Ганаровы меліяратар Беларусі Феадосія Барадулькіна адзначае свой юбiлей

logo
Суббота, 23.11.2019 15:34 | Рубрика: Год народного единства
01572

Ганаровы меліяратар Беларусі, шчыры работнік і чалавек, пра якога напісана ў энцыклапедыі «Хто ёсць хто ў Рэспуб­ліцы Беларусь?», — гэта жыхарка Шуміліна юбіляр Феадосія Барадулькіна.

Шмат цёплых слоў з гэтай нагоды атрымала ветэран працы ад многіх людзей, раённай ветэранскай арганізацыі і ПМК-70.

У гэты дзень тэлефонныя званкі былі адзін за адным. Тэлефанавалі і сын з дачкой, і двое ўнукаў, і далёкія сваякі, і былыя калегі. Падчас нашай гутаркі з Феадосіяй Барысаўнай з Мінска пазваніў былы дырэктар Дэпартамента меліярацыі і воднай гаспадаркі Анатоль Булыга. Пасля слоў віншавання ён адзначыў, што Феадосія Барадулькіна пакарыла меліяратараў рэспублікі сваёй настойлівасцю і сілай волі.

…Шумілінская дзяўчына, яна закончыла нафтавы тэхнікум у Наваполацку, некаторы час працавала на «Нафтане» і вучылася ва ўніверсітэце марксізму-ленінізму. Праз некалькі гадоў разам з мужам пераехала на радзіму ў Шуміліна, дзе ўладкавалася спачатку майстрам на вінзавод, а потым інжынерам у між­раённае ўпраўленне арашальных сістэм, якое ў 1981 годзе далучылі да меліярацыйнага ПМК-25. На гэтым прадпрыемстве (спачатку ПМК-25, потым Шумілінскае ПМС) жанчына і адпрацавала трыццаць гадоў: спачатку інжынерам, а пасля — майстрам. Вядома, было цяжка, але яна добра разбіралася ў людзях, рэдка памылялася ў іх надзейнасці. Многія з тых, хто прыйшоў працаваць на прадпрыемства меліярацыйных сістэм часова, заставаліся тут назаўсёды.

Былыя калегі адзначаюць, што Феадосіі Барысаўне ўласцівыя строгасць і дакладнасць у рабоце. У яе заўсёды быў падлічаны і запісаны кожны метр канала, кожны гектар. Раніцу пачынала з таго, што падводзіла вынікі папярэдняга дня. Бывала, калі пачынаўся абкос каналаў, Феадосія Барысаўна сама садзілася ў трактар з касілкай і ехала першая, вядучая. Не любіла хібаў у рабоце, у яе характары — зрабіць усё добра, роўна, дакладна да міліметра. Напэўна, гэтая акалічнасць і вялікая працаздольнасць з'явіліся галоўнымі падставамі для ўзнагароджання Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

А яшчэ яна ўмела адстойваць сваю думку. У 1990-я гады, калі ў саўгасе «Лаўжанскі» павінен быў адбыцца рэспубліканскі семінар, меліяратарам далі заданне абкасіць поле зерневых. Феадосія Барысаўна агледзела ўчастак і сказала: «Тут жа пшанічка на радасць падступае да самой дарогі. Што хочаце рабіце, не буду псаваць!» На той час на полі знахо­дзіўся былы старшыня абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў, які, пачуўшы такі адказ жанчыны, сказаў: «Калі б усе былі такімі гаспадарамі, як вы, то квітнела б наша Беларусь».

Феадосія Барадулькіна і сёння цікавіцца сусветнымі і рэспубліканскімі падзеямі, жыццём раёна, узначальвае пярвічную ветэран­скую арганізацыю ПМС, дапамагае людзям.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Ларыса ЗАЙЦАВА.