На метадычным аб'яднанні выхавальнікаў дзіцячых садоў Першамайскага раёна ў яслях-садзе № 100 вырашылі пагаварыць пра беларускую мову

logo
Суббота, 23.11.2019 14:18 | Рубрика: Год народного единства
01702

Гаворка ішла пра тое, як важна, каб дзеці раслі ў асяроддзі носьбітаў роднага слова, з маленства чулі і разумелі мову Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча.

Што для гэтага трэба? Вядома, вельмі важна выкарыстанне яе ў сямейным ужытку. Можна чытаць кнігі, наведваць спектаклі, гля­дзець мультфільмы на беларускай мове. Да прыкладу, бацькі Арыны Ісачанка амаль кожны тыдзень разам з дачкой бываюць у Беларускім тэатры «Лялька» ў тым ліку і для таго, каб дзіця чула выдатны ўзор роднай мовы.

Па пятніцах у садзе гавораць толькі па-беларуску.

— Бацькі ўжо прывыклі да такой нашай традыцыі і стараюцца падтрымліваць дыялог на роднай мове, — кажа выхавальнік старэйшай групы Іна Чарняўская. —
А калі даведаліся, што іх дзеці будуць выступаць на сённяшнім мерапрыемстве, то прапанавалі пашыць касцюмы ў нацыянальным стылі.

Іна Яўгенаўна паказала калегам з іншых устаноў прыклад інтэграванага занятку «Свята бульбы». І наогул, усё мерапрыемства было прысвечана другому хлебу беларусаў. Дзеці спявалі, вадзілі карагоды, чыталі вершы. Прызналіся, што бульбу любяць і ведаюць, што з яе можна прыгатаваць.

Дарэчы, сабраліся неяк работнікі сада і падумалі, што і ў Перу, і ў Вашынгтоне, і ў Мюнхене музеі бульбы ёсць, а ў Віцебску — няма. Вырашылі тэрмінова вы­праўляць гэту сітуацыю і ўзяліся за арганізацыю міні-музея, прысвечанага любімаму беларускаму карняплоду, у сваёй установе. Нягледзячы на тое, што актыўная работа пачалася толькі ў гэтым навучальным годзе, ужо можна гаварыць пра пэўныя вынікі. Экспазіцыі, выставы творчых работ, падбор разнастайных цікавых фактаў — у музеі ўжо ідуць экскурсіі. Прычым ладзяць іх самі дзеці. Актыўна ўцягваюцца ў дзейнасць і бацькі — гатуюць разам з малымі стравы нацыянальнай кухні, дапамагаюць ствараць кампазіцыі, якія становяцца экспанатамі музея.

Сённяшняя рэальнасць вымушае нас падтрымліваць мову, ствараць спрыяльныя ўмовы для яе функцыянавання. Да прыкладу, у пяці дзіцячых садах Першамайскага раёна працуюць беларускамоўныя групы. А перад кіраўнікамі ўстаноў адукацыі і выхавальнікамі стаіць задача аднолькава добра валодаць абедзвюма дзяржаўнымі мовамі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА. Фота аўтара.