Ад Духаўской да «Праўды». Каля трох кіламетраў у даўжыню вуліца, якая злучае цэнтр Віцебска з яго ўсходняй часткай

logo
Четверг, 24.10.2019 10:58 | Рубрика: Год народного единства
02912

«Иду не по лжи»

Такім чынам жартуе мой добры знаё­мец, калі тэлефануе жонка ды пытаецца, дзе той знаходзіцца, а ён у гэты час шпацыруе па вулiцы «Праўды». Жарты жартамі, але вельмі шмат людзей, нават хто тут жыве, не ведаюць, у гонар якой такой «праўды» яна названая. Аказваецца, поўнае найменне — «Газеты «Праўда» — яна атрымала ў 1962 годзе ў гонар паўвекавога юбілею гэтага выдання. Аднак першае слова неяк не прыжылося не толькі ў жыхароў, але нават у афіцыйных дакументах, дзе часта назву пішуць без двукосся, як і на шыльдах.

Госцю горада можа здацца дзіўным, што пачынаецца вуліца не з першых нумароў дамоў, але гараджане ведаюць: некалькі гадоў таму «кавалачак» паміж вуліцамі Леніна і Калініна быў названы ў гонар нашага знакамітага земляка Марка Шагала. Не дзіва: тут да гэтага часу знаходзіцца будынак былога народнага мастацкага вучылішча, з якім звязана дзейнасць мастака ў паслярэвалюцыйны час.

Бываюць гарадскія раёны прамысловыя, бываюць дзелавыя, бываюць спальныя. Вуліца «Праўды» сумясціла ў сабе ўсе тры складнікі. Тут ёсць і дзяржаўныя ўстановы, і прамысловыя прадпрыемствы, і жылыя дамы.

З-за смугі часоў

Архіўныя дакументы сведчаць, што забудоўвацца вуліца пачала яшчэ ў ХVIII стагоддзі. Да рэвалюцыі частка паміж цяперашняй Леніна да Гапеевага ручая называлася Духаўской ад аднайменнага манастыра, заснаванага жонкай вялікага князя літоўскага Альгерда Ульянай Цвярской, і стромкай царквы (цяпер на яе месцы вежа аблвыканкама). У 1920-х яе перайменавалі ў Авіяцыйную. У 1950-я гады пачалася забудова мікрараёнаў да сучаснай вуліцы Смаленскай.

Нарэшце, як ужо гаварылася, у ­1962-м ёй было нададзена найменне «Газеты «Праўда» (сімвалічна, што ў гэты ж год знішчылі Духаўскую царкву). У 1970-я пачалося ўзвядзенне шматпавярховак на новым участку, і неўзабаве «Праўда» дайшла да свайго цяперашняга заканчэння — вуліцы Церашковай.

Купецкі палац

З даўніх часоў на вуліцы захаваўся толькі адзін двухпавярховы будынак пад № 14. Ён пабудаваны напрыканцы XIX стагоддзя купцом Левінсонам. Верхні паверх быў жылы, а ўнізе знаходзіліся гандлёвыя і гаспадарчыя памяшканні.

З пачаткам Першай сусветнай вайны ў будынку гаспадарылі воінскія часці. У 1920-х тут размяшчаліся спачатку школа міліцыянераў, а затым — губернскі крымінальны вышук і камандныя курсы праваахоўных органаў. У час вайны будынак, у адрозненне ад суседніх, не пацярпеў, і ў 1951 годзе яго перадалі вучэбна-вытворчаму камбінату глуханямых пад швейную майстэрню і цэх па рамонце абутку.

У 1999 годзе гаспадаром гістарычнай каштоўнасці стала Віцебскае дзяржаўнае аптова-рознічнае прадпрыемства «Белсаюздрук».

Друкаванае слова жыве

У мінулым годзе адбылася рэарганізацыя, і цяпер гэта Віцебскі філіял гандлёвага рэспуб­ліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Белсаюздрук». Яго дырэктар Людміла Гайдук прызнае, што змена статусу далася няпрос­та. Але, нягледзячы на часовыя цяжкасці, калектыў упэўнена гля­дзіць у будучыню. Віцебшчына ў свой час стала першым рэгіёнам, дзе ўсе кіёскі і павільёны займелі камп’ютарнае абсталяванне з праграмай аналізу і ўліку да­дзеных. Інфармацыя адсочваецца цэнт­рам у рэальным рэжыме. Яна дазваляе размеркаваць патокі неабходных тавараў паміж гандлёвымі аб’ектамі ў залежнасці ад попыту. Людміла Віктараўна асаб­ліва адзначае, што друкаваныя выданні па-ранейшаму карыстаюцца попытам у сваіх чытачоў. У агульным таваразвароце іх доля складае недзе 20 працэнтаў.

Кузня медыцынскіх кадраў

Кожнаму гараджаніну вядомы Віцебскі дзяржаўны медыцынскі каледж імя акадэміка І. П. Антонава. Ігнат Пятровіч — герой-франтавік, пасля вайны стаў вядомым медыкам, акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з’яўляецца ганаровым грама­дзянінам Віцебска і Мінска. Ён быў выпускніком нашай фельчарска-акушэрскай школы, якая вя­дзе сваю гісторыю з 1871 года. Сённяшні каледж рыхтуе спецыялістаў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй: ад фельчараў-акушэраў да фармацэўтаў. Яны вельмі запатрабаваныя ў цяперашні час.

І дом зробяць, і начынне ў яго


На вуліцы «Праўды» ёсць шэраг прамысловых прадпрыемстваў. Гэта і Віцебскгандальбуд, які не толькі пабудаваў у гора­дзе значную частку гандлёвых кропак, але і шматпавярховых жылых дамоў, адміністрацыйных будынкаў. Сярод рэканструяваных аб’ектаў такія знакавыя для Віцебска, як, напрыклад, Летні амфітэатр альбо чыгуначны вакзал. Філіял ЭМУ‑7 ААТ «Белэлектрамантаж» таксама ўдзельнічаў у рэканструкцыі галоўнай сцэнічнай пляцоўкі абласнога цэнтра, будаўніцтве гарадскога стадыёна ў Оршы і ўладкаванні іншых аб’ектаў. Прадпрыемства «Галант» Беларускага таварыства глухіх займаецца вырабам мэблі, шые пасцельную бялізну і спецадзенне. Усё гэта можна набыць у краме, якая размясцілася побач. Віцебск­аблаграсервіс займаецца пастаўкамі ўгнаенняў, сельскагаспадарчых агрэгатаў, аўтатранспартных сродкаў і іншага.

У тандэме энергетыкі і газавікі

Зусім побач размясціліся два «кіты»: унітарныя прадпрыемствы «Віцебскэнерга» і «Віцебск­аблгаз». Сёння яны выконваюць не толькі свае асноўныя функцыі, але і маюць сельгас­прадпрыемствы. У энергетыкаў гэта філіялы «Вясна-энерга» і «Цяплічны», у газавікоў — сельгаспрадпрыемства «Мазалавагаз». Абедзве арганізацыі актыўна падтрымліваюць калектывы самадзейнасці і прыахвочва­юць сваіх работнікаў да здаровага ладу жыцця.

Выхоўваюць і вучаць на славу

На вуліцы знаходзяцца тры сярэднія навучальныя ўстановы (гімназія № 3 імя А. С. Пушкіна, СШ №№ 28 і 34) і столькі ж дзіцячых садкоў (№ 70 «Светлячок» i №№ 79 і 81). Усе яны годна выконваюць пачэсную справу выхавання будучага грамадзяніна, маюць свае адметнасці. Гімназія, напрыклад (назва абавязвае!), мае выразны мастацка-эстэтычны накірунак, а яслі-сад «Светлячок» сёлета па выніках 2018 года занесены на Дошку гонару Кастрычніцкага раёна Віцебска.

Нельга пакінуць па-за ўвагай другі корпус ВДТУ, дзе, між іншым, размясціўся факультэт дызайна, выпускнікі якога вядомыя ва ўсім свеце.

Можна наведаць «Музу»

Адной з адметнасцяў вуліцы з’яўляецца бетонная скульптура «Муза» ля камбіната «Мастацтва». Цяпер, як ­сведчыць надпіс над уваходам, тут гаспадарыць дзяржаўнае аб’яднанне «Віцебскпрам», створанае колькі гадоў таму з мэтай фармiравання адзінай сістэмы кіравання прадпрыемствамі мясцовай прамысловасці Віцебшчыны. Аўтар кампазіцыі — скульптар Азат Тарасян. Сярод яго шматлікіх твораў у Віцебску — кампазіцыя «Зліццё трох рэк» на скульптурным фантане каля ратушы, дзве скульптурныя групы на плошчы Перамогі і «Сустрака­ючыя» на чыгуначным вакзале (у суаўтарстве з Аляксандрам Гвоздзікавым).

Арыгінальна ўпрыгожана тэрыторыя ля Віцебскгандальбуда. Тут усталяваны цікавыя архітэктурныя формы. Напрыклад, велізарны малаток у пары з кельмай. Ці тая ж кельма, але ў выглядзе лаўкі, паркоўка для ровараў.

Зялёныя лёгкія горада

Вуліца размешчана адразу на двух асноўных віцебскіх ручаях. З аднаго боку гэта Гапееў, а своеасаблівай мяжой з праспектам Фрунзэ з’яўляецца водная артэрыя з паэтычнай назвай Дунай. Праўда, ёй вельмі ўжо далёка па памерах да свайго славутага цёзкі, які ўпадае ў Чорнае мора. Асабліва пашанцавала жыхарам высоткі пад № 28, корпус 1, якая знаходзіцца акурат ля месца, дзе яны зліваюцца. Калі знерваваны, досыць проста выйсці на балкон — і ты апынешся ў сапраўдным лесе: рэлаксуй на здароўе!

І гэта ўсё пра яе

А яшчэ менавіта на вуліцу «Праўды» прыпала значная частка маршруту № 1 віцебскага тралейбуса, пушчанага ў сярэ­дзіне 1978 года. Тут ёсць і знаёмы кожнаму, хто займаўся рэгістрацыяй зямельнага ўчастка, праектны інстытут «Віцебск­гіпразем», ля вытокаў якога, сціпла зазначу, стаялі і мае бацькі: Уладзімір Несцеравіч і Галіна Ягораўна. У розных будынках размясціліся падраздзяленні аблвыканкама і грамадскія аб’яднанні. Тут жа крамы «Весты», «Віцебскіх прадуктаў» і іншых гандлёвых прадпрыемстваў. Ужо не адно дзесяцігоддзе гараджане карыстаюцца паслугамі пральні і хімчысткі аб’яднання «Лотас». У жалобную часіну дапамогуць работнікі прадпрыемства «Камяні». Усё не ўспомніць… Але перадусім гэта тысячы нашых «сугараджан», якія маюць у сваіх пашпартах запіс аб рэгістрацыі — «вуліца «Праўды».

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь БЫНЬКОЎ. Фота аўтара.