У Малых Лётцах прайшоў фестываль Віцебскага раёна «Волаты Прыдзвіння», прысвечаны Фёдару Махнову

logo
Вторник, 18.06.2019 16:57 | Рубрика: Год народного единства
02757

Свята ў гонар самага высокага на зямлі чалавека адбылося ўжо другі раз. Яно сабрала шматлікія творчыя калектывы з розных куткоў вобласці, а таксама сотні гледачоў, што завіталі на базу санаторыя “Чыгуначнік”, дзе і размясціліся асноўныя пляцоўкі мерапрыемства.

А распачалося ўсё маляўнічым шэсцем-карнавалам па вуліцах вёскі. Каго тут толькі не было?! Як пісаў класік, “арлекіны і піраты, цыркачы і акрабаты”, выхаванцы розных спартыўных школ і танцавальных гурткоў. Увесь гэты незвычайны гармідар дарыў сустрэтым толькі самыя пазітыўныя эмоцыі.

Прыемнай неспадзяванкай стала прысутнасць на форуме праўнучак Фёдара Махнова па лініі яго сына Гаўрылы – Галіны і Наталлі. Яны спецыяльна прыехалі з Масквы і Разані, дзе зараз пражываюць. Іх да слёз расчуліла тое, як у нас ставяцца да іх славутага прашчура. Дарэчы, гены волата на кабетах (кожная з іх не вышэй сярэдняга росту) не сказаліся.

Прысутных вітаў старшыня Віцебскага райвыканкама Генадзь Сабыніч, які і сам сваім немалым ростам адпавядаў сімволіцы свята. Ён адзначыў, што мерапрыемства – чарговая нагода прыгадаць свае карані, мясціны, дзе нарадзіліся. Сярод шматлікіх гасцей заўважыў і кіраўніка абласной прафсаюзнай арганізацыі Івана Вазміцеля, які ў свой час ўзначальваў гэты раён. Таксама на свята завітаў начальнік упраўлення ЖКГ аблвыканкама дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Юры Дзядзёла.

На фэсце была наладжана праца адкрытых інтэрактыўных пляцовак, экскурсій і выстаў. Ёсць у Малых Лётцах і адзіны ў нас “Парк волатаў”, адчынены летась. Сёлета ён дапоўніўся новымі аб’ектамі.

Спадабалася цікавая кампазіцыя, якую прапанавалі супрацоўнікі раённага гісторыка-краязнаўчага музея. Яго дырэктар Анастасія Пішчулава знаёміла мінакоў з легендамі Прыдзвіння пра асілкаў і, зразумела, жыццём і дзейнасцю “рэальнага” Фёдара Махнова. З даўнейшых газет захаваўся рацыён волата. Толькі адных яек ён за сняданне, аказваецца, з’ядаў два дзясяткі! Зразумела, чаму яму даводзілася латаць сямейны бюджэт, выступаючы на цыркавых пляцоўках усяго свету. Кожны ахвотны мог “прымерыць” велічэзны цыліндр-гігант. Альбо “штаны Махнова”, у якіх той-сёй проста мог схавацца нібы ў палатцы.

У конкурсе волатаў ля фігуры самога гіганта, намаляванай мастачкай Наталляй Лавіцкай-Ярмолавай, нікому не ўдалося і блізка наблізіцца да 285 сантыметраў Фёдара Андрэевіча. Самым-самым даўжэзным аказаўся двухметровы настаўнік фізкультуры Аляксандр Рундо. А вось Сяргей Малашэнка з Капцёў пад апладысменты гасцей свята за сем хвілінаў 135 разы ўзняў над галавой 24-кілаграмовую вагу. Гэтае і іншыя дасягненні былі занесены ў кнігу “Рэкорды Прыдзвінны”, прэзентацыя якой адбылася на свяце.

Фёдар Махноў ужо стаў своеасаблівым культурным брэндам Віцебскага раёна. І такім земляком варта ганарыцца.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь БЫНЬКОЎ. Фота аўтара.