Натяжные потолки в Витебске. Жаркие цены!

Пяць прычын наведаць Лёзненскі раён

Пятница, 17.05.2019 16:57 | Рубрика: Год малой родины
0212

Упершыню Лёзна згадваецца ў XVI стагоддзі. Некаторы час мястэчка належала роду князёў Агінскіх. У выніку першага па­дзелу Рэчы Паспалітай увайшло ў склад Расійскай імперыі. Развіццю спрыяла будаўніцтва лініі чыгункі Рыга — Арол. У 1924 годзе Лёзна ўвайшло ў склад БССР. Падчас Вялікай Айчыннай вайны раён быў акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Рэгіён здаўна славіцца апрацоўкай і вы­творчасцю якаснага лёну, з'яўляецца ра­дзімай пісьменніка Міхася Лынькова, шматлікіх вучоных і дзяржаўных дзеячаў.

Музей як летапіс жыцця

У фондах Лёзненскага ваенна-гістарычнага музея знаходзіцца больш за 15 тысяч адзінак захоўвання. Экспазіцыя музея тэматычна падзяляецца на чатыры залы. Найбольш буйныя з іх прысвечаны гісторыі Лёзненшчыны і падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Тут можна па­знаёміцца, да прыкладу, з лёсам аднаго з кіраўнікоў абароны Брэсцкай крэпасці — палкавога камісара Яфіма Фаміна, а таксама даведацца пра тое, як трапіў у палон Якаў Джугашвілі — сын Сталіна. Экс­па­зіцыйныя вітрыны дэманструюць і гісторыю стварэння першай запалкавай фабрыкі ў вёсцы Уна, і адкрыццё станцыі Шабекіна (Лёзна) на ветцы Рыга-Арлоўскай чыгункі, і многія іншыя этапы развіцця рэгіёна.

Памяць

У гады вайны на тэрыторыі раёна загінула больш за 27 тысяч воінаў. За вызваленне Лёз­неншчыны 16 чалавек атрымалі званне Героя Савецкага Саюза. За час акупацыі не стала кожнага трэцяга жыхара раёна. Нацыстамі было спалена 4700 да­моў. Памяць пра зма­гароў увекавечана ў шмат­лікіх помніках, мемарыялах, брацкіх мо­гілках. Да прыкладу, у вёсцы Крынкі быў узве­дзены мемарыяльны комплекс воінам-арты­лерыс­там Вялікай Айчыннай вайны.

«Сунічны» брэнд

На Лёзненшчыне нарадзіўся яркі культурны праект — фестываль «Песні сунічных бароў». Спачатку гэта было мясцовае свята аўтарскай песні, якое праводзілася ў Дабрамысленскім сельскім ДК. Затым яно набыло раённы, а з 2009-га — абласны статус.

Свята-конкурс штогод збірае таленавітых паэтаў, музыкаў, рамеснікаў з Беларусі і суседніх краін. У раёне быў зацверджаны творчы брэнд «Сунічка». У мясцовым Доме рамёстваў можна набыць разна­стайную брэндавую сувенірную прадукцыю. Адноўлены ручнікі, у арнаментах якіх прысутнічае выява суніц. На цэнтральнай плошчы гарадскога пасёлка стаіць сімвалічная «Сунічная брама».

Радзіма Шагала

Некаторыя даследчыкі сыходзяцца на тым, што знакаміты мастак Марк Шагал нарадзіўся менавіта ў Лёзне, а калі хлопчыку споўніўся год, бацькі перавезлі яго ў Віцебск. Як бы там ні было, мястэчка мастак сапраўды любіў. Там жылі яго родныя. Побач — у вёсцы Завольша — была дача бацькоў яго любімай жонкі, нязменнай музы — Бэлы. Есць нават думка, што ў знакамітай карціне «Над горадам» можна ўбачыць і лёзненскія краявіды. З 1914-га па 1916 год, калі Марк Шагал вярнуўся на малую радзіму ўжо даволі вядомым мастаком, ён з захапленнем пісаў дамы і вуліцы Лёзна, сваіх шматлікіх родных.

На гарадскім Доме культуры ўстаноўлена мемарыяльная таблічка з надпісам: «На гэтым месцы знаходзілася сядзіба сям'і, з якой вядзе сваё паходжанне Марк Шагал». А на тэрыторыі ваенна-гістарычнага музея ўстаноўлены бюст мастака.

Край дзіўнай прыгажосці

Непаўторную прыгажосць расліннага свету Лёзненшчыны захоўвае Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Бабінавіцкі». Больш за 90 працэнтаў тэрыторыі яго займаюць лясы. Там расце больш за 20 відаў рэдкіх раслін, сярод іх аканіт шарсцісты, званочак шыракалісты, баранец звычайны, гарычка крыжаватая. Жыве 11 відаў рэдкіх жывёл і птушак, уключаных у Чырвоную кнігу: вялікі краншнэп, філін, вялікі бугай, пустальга, сплюшка, дамавы сыч, чорны бусел, буры мядзведзь, рысь і іншыя.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Обновить Защита от автоматических сообщений