Ад Спаскай да Путны. Як і большасць цэнтральных вуліц Віцебска, гэта за сваю гісторыю таксама не раз змяняла назву

logo
Суббота, 06.04.2019 20:43 | Рубрика: Год народного единства
02185

На стромкім дзвінскім беразе

Размешчана вуліца Путны (даўжыня яе ўсяго каля 200 метраў) у ціхім куточку горада на левым беразе Дзвіны паміж вулiцамi Савецкай і Урыцкага. Першапачаткова аднайменную з царквой (пра бажніцу згадаем далей) Спаскую вуліцу пасля рэвалюцыі перайменавалі спачатку ў Дэпутацкую, потым у гонар вядомага анархіста Міхаіла Бакуніна. У час акупацыі вярталася «рэлігійная» назва, пасля вайны — «парламенцкая». Нарэшце ў 1980-м ёй нададзена цяперашняе імя.

У суботнi дзень.

Хто ж такі Вітаўт Путна? Ён у 1918 годзе разам з Сямёнам Крыловым (у гонар гэтага чалавека таксама названа вуліца ў гістарычным цэнтры Віцебска) з’яўляўся непрацяглы час ваенным камісарам Віцебскай губерні. Лёс абодвух аказаўся амаль аднолькавым. Зрабіўшы кар’еру, яны былі прысуджаны ў 1930-х гадах да смяротнага пакарання як ворагі народа.

Стаіць плот на рэштках храма

Дамінантай вуліцы была Спаская царква. Вядомасць ва ўсім свеце ёй надаў той факт, што яе выяву можна ­ўбачыць на адной з самых знакамітых карцін Марка Шагала — «Над горадам». Упершыню царква згадваецца яшчэ ў XV стагоддзі. Была драўлянай і, як часта тады здаралася, не раз гарэла. У пачатку ­1800-х гадоў пачалі будаваць новую, каменную, у раёне цяперашняга помніка героям вайны 1812 года. Але калі ў горад увайшлі французскія войскі і Напалеон атабарыўся ў доме губернатара, па загадзе імператара царкву разабралі, каб зрабіць плац, на якім ён прымаў парады. Пасля вайны ранейшую цэглу зноў ужылі для будаўніцтва храма, праўда, не на ранейшых падмурках, а ў раёне цяперашняй сярэдняй школы № 10. Вядомы віцебскі краязнаўца Аляксандр Семянтоўскі адзначаў, што царква знаходзілася «напротив старого огражденного прочной, в каменных столбах, решеткой еврейского кладбища». Праўда, могілкі былі прыбраны адсюль яшчэ ў 1800-я, і нават следу іх, даследуючы дзвінскі бераг, мне знайсці не ўдалося.

Спаская царква на фота 1920-­х.

У 1950-я гады царква была разабрана. Ад яе засталіся падмуркі, зафарбаваны фрагмент якіх можна назіраць пад школьнай агароджай побач з суседнім домам № 5.

Сеюць разумнае, добрае, вечнае

Шматлюддзе на вуліцы ў буднія дні ствараюць вучні СШ № 10, адной з найстарэйшых у горадзе. Яна адчынілася яшчэ ў даваенным 1937 годзе. Першы дырэктар Браніслаў Плінт быў неўзабаве рэпрэсаваны. Аднак гэта не пера­шкодзіла ўстанове адукацыі атрымаць найменне «сталінскай», што па тых часах мела на ўвазе элітны статус з усімі вынікаючымі акалічнасцямі. Напрыклад, неабходны інвентар для кабінетаў хіміі і фізікі быў самы сучасны на той час у рэспубліцы. Пасля акупацыі, ужо з верасня 1944 года, выхаваўчы працэс аднавіўся.

СШ № 10 амаль не змянiла свайго даваеннага аблiчча.

Са сцен школы ­выйшаў шэраг годных асоб. Напрыклад, пісьменніца Лідзія Обухава, якая да святкавання тысячагоддзя роднага горада напісала кнігу гістарычных навэл «Віцьбічы». Акурат напярэдадні вайны, 21 чэрвеня, свой выпускны вечар адгуляў тут Барыс Гінзбург, найцікавейшы чалавек, франтавік, які пасля амаль трыццаць гадоў узначальваў аддзел аховы здароўя Віцебскага раёна. Ён пакінуў пасля сябе шмат ­пісьмовых успамінаў пра час і родны горад. Сядзела тут за партай будучая актрыса Вахтангаўскага тэатра Арыядна Лысак, якая здымалася і ў вядомых савецкіх фільмах. У тым ліку і культавых па тым часе «Свінарка і пастух» і «У ­шэсць га­дзін вечара пасля вайны».

У школе ёсць і свой музей. Я наведаўся ў яго з даўнім знаёмцам — віцебскім старажылам Самуілам Дынкіным. Яго старэйшы брат Давыд стаў першым пасляваенным выпускніком — залатым медалістам. Самуіл Вульфавіч прынёс шэраг матэрыялаў, якія тычыліся брата. І яго верш, прысвечаны роднаму гораду, і рэдкія фотаздымкі, і раздзел у кнізе пра землякоў Барыса Кантаровіча, і, вядома ж, атэстат з аднымі выдатнымі адзнакамі.

Школа мае даўнія спартыўныя традыцыі. Так, тут заняткі сваёй секцыі бокса першапачаткова праводзіў заслужаны трэнер Беларусі Абрам Брын. Была моц­ная баскетбольная секцыя. На вулічнай спартыўнай пляцоўцы калісьці право­дзіліся нават рэспубліканскія спаборніцт­вы. Дырэктар Вольга Каранеўская адзначае, што цяпер тут займаюцца ажно дзевяць спартыўных класаў. Па гэтым паказчыку ўстанова адукацыі адназначна трымае першае месца ў Віцебску.

Тут жылі навуковец і актрыса

Дом урача Алонава ў сучасным выглядзе.

Цяперашні старадаўні будынак пад нумарам 5 меў назву «Дом урача Алонава». Яўген Піліпавіч быў выбітнай асобай. Ён адзін з арганізатараў ветэрынарнай справы ў Беларусі. Пасля рэвалюцыі стаў арганізатарам і першым рэктарам Віцебскага ветэрынарнага інстытута. Сёння дом можна назваць яскравым сімвалам эклектыкі. Вельмі ўжо не дапасуецца да старой кладкі мадэрнавы тыл будынка.

Тут жыла Янiна Глебаўская.

Побач самы малады тутэйшы дом (№ 9). Ключы ад кватэры № 1 у 1961 годзе былі ўручаны народнай артыстцы БССР Яніне Глебаўскай. Пра гэтага чалавека, які аджыў у доме да самай смерці ў 1978-м, трэба сказаць асобна. Яніна Казіміраўна, скончыўшы пасля рэвалюцыі Беларускую драматычную студыю ў Маскве, зрабіла важкі ўнёсак у стварэнне і развіццё Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, якому аддала ўсё сваё творчае жыццё. Сярод вядомых асоб, якіх ёй даводзілася бачыць «ужывую», два знакамітых Ула­дзіміры — Ульянаў (Ленін) і Маякоўскі. Спадзяюся, што Яніна Казіміраўна сваёй творчасцю заслужыла мемарыяльную дошку на будынку, дзе правяла апошнія гады свайго жыцця.

Цэнтр культуры

Увагу віцябчан і гасцей горада прыцягвае дом № 2. Вядома, што ў ХІХ стагоддзі ён належаў заможным гараджанам, у прыватнасці, прускаму падданаму слесару Ленгенфельду: някепска, ­відаць, зарабляў «рабацяга». У савецкі перыяд тут зрабілі камунальныя кватэры. У адной з іх пэўны час жыў заснавальнік віцебскай шахматнай школы Леў Пак. Ён першы трэнер чатырох (!) міжнародных гросмайстраў: Яўгена Агрэста, Андрэя Кавалёва, Рахілі Эйдэльсон і Ільі Смірына. Гэта проста выдатнае дасягненне для «правінцыйнага горада»! Леў Рувімавіч прыгадваў, як у пасляваенную разруху элементарна не было памяшканняў для заняткаў і гулялі ў трафейныя шахматы проста на палянцы перад сярэдняй ­школай.

Арт­-цэнтр Марка Шагала.

Калі на радзіме быў нарэшце «рэабілітаваны» Марк Шагал, у будынку зрабілі Арт-цэнтр яго імя, які адчыніўся ў пачатку 1990-х. Тут захоўваюцца графічныя працы творцы, які праславіў Віцебск.

Хаткі па-над рэчкаю

Вулачка маленькая і ціхая. Але тут ёсць і «схованка», у экзатычным месцы ўнізе, у раёне колішняй выратавальнай станцыі.

Хацiнка над Дзвiной.

Людзі здаўна сяліліся на камфортным месцы каля ракі. Зараз нехта скажа, што гэта антысанітарыя, але раней Дзвіна была асноўнай крыніцай вады як для гаспадарчых патрэб, так і пітной. І да гэтага часу дзіўным чынам унізе стромкага берага месцяцца дзве хаты. Хацеў было завітаць-пазнаёміцца з гаспадарамі, але сабакі паднялі такі брэх, што нават расхвалявалі льва ў заапарку, які сваім рыкам даў зразумець, хто тут цар звяроў. Каб не будзіць таямнічую цішу і не палохаць лю­дзей, палічыў за лепшае прайсці міма.

Аднак, шчыра скажу, як дзіцё асфальту, проста зайздрошчу людзям, якія жывуць у сапраўдных джунглях у цэнтры горада, спалучаючы і даброты цывілізацыі, і першародную прыроду наўкола.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь БЫНЬКОЎ. Фота аўтара.