Полацкі раённы цэнтр культуры рэалізоўвае праект па адраджэнні аўтэнтычнай кухні рэгіёна «Смачнае падарожжа Надзейкі»

logo
Пятница, 15.03.2019 17:44 | Рубрика: Год народного единства
01647

У мінулым годзе было здзейс­нена 8 паездак, адноўлена 14 рэдкіх рэцэптаў, зняты відэасюжэты разам з ТК «Скіф-Полацк» і выдадзены зборнік з кулінарнымі нататкамі паводле прыгод гарадской дзяў­чыны.

Праект адзначаны дып­ломамі ІІ Рэспубліканскага конкурсу даследчых работ пад дэвізам «Адвечнае» ў намінацыі «Тэматычная праграма» Рэспубліканскага адкрытага конкурсу аматарскіх фільмаў імя Ю. Тарыча «Я снимаю кино», конкурсу аматарскіх турыстычных фільмаў «Путешествуем по Синеокой» у намінацыі «За захаванне народных традыцый». Прэзентацыйная пляцоўка праекта з дэгустацыяй страў працавала на рэспубліканскім свяце «Купалле» на малой радзіме Прэзідэнта ў аграгарадку Александрыя.

Сёлета праект набывае новае гучанне. Гарадская дзяўчына Надзея па-ранейшаму плануе вандраваць па Полацкім раёне, але не толькі з мэтай збору мясцовых аўтэнтычных рэцэптаў. Асаблівасць сезона — сямейныя каштоўнасці і традыцыі, таму і назва вандровак змянілася. Цяпер гэта цыклічны праект «Малая ра­дзіма пачынаецца з сям'і» ў рамках праекта «Цікавае падарожжа Надзейкі».

Першае мерапрыемства ўжо адбылося ў аграгарадку Палата, дзе жыве актыўная і дружная сям'я Катаржэўскіх. Акрамя працоўнай, гаспадарчай і творчай дзейнасці, яе старэйшыя мужчыны захапляюцца паляўніцтвам, а астатнія члены сям'і ўсяляк падтрымліваюць гэта хобі. Любоў да яго перадаецца ў сям'і Катаржэўскіх з пакалення ў пакаленне.

Галава сям'і Васіль Пятровіч пераехаў у Палату ў 1983 годзе, дзе 27 гадоў займаў пасаду старшыні сельвыканкама. Яго жонка Наталля Андрэеўна — выдатнік асветы Беларусі, настаўнік з 44-гадовым стажам. Побач яны ўжо 41 год, а пазнаёміліся яшчэ ў школе. Разам вырасцілі сына Васіля і дачку Святлану — паважаных і годных працаўнікоў і жыхароў аграгарадка Палата. Цяпер гадуюць унукаў.

З дзяцінства Васіль Пятровіч сур'ёзна захапляўся лёгкай атлетыкай, лыжнымі гонкамі і нават атрымаў званне кандыдата ў майстры спорту. Дарэчы, унучка Васіля Пятровіча шаснаццацігадовая Аляксандра падзяляе спартыўныя прыхільнасці свайго дзеда і з'яўляецца пятай у рэспубліцы па тэхніцы пешаходнага турызму. На трэцім этапе Кубка Віцебскай вобласці па гэтым відзе спорту ў закрытых памяшканнях заняла трэцяе месца ў старэйшай групе. Меншы ўнук Ілья яшчэ не абраў спартыўны накірунак, ён толькі збіраецца ў першы клас, але любіць фізкультуру, а таксама дапамагаць дзядулю па гаспадарцы.

Прыезду гарадской дзяўчыны На­дзейкі Катаржэўскія чакалі з хваляваннем. Але як толькі знаёмства адбылося і ўсе сабраліся за вялікім сталом, ад трывогі не засталося ніякага следу, палілася цікавая гутарка. Нарэшце Васіль Пятровіч завёў размову пра паляўніцтва — вельмі ж ён любіў у маладосці гэтую справу! У загон ён хадзіў са сваім бацькам змалку, а потым і свайго сына прывучыў, і ўнучку. Аляксандра сцвярджае, што першы раз на паляванне трапіла, калі ёй быў месяц, сама яна гэтага, канешне ж, не памятае, але як доказ у сямейным архіве засталіся фотаздымкі. Гісторый з палявання ў Катаржэўскіх шмат: і вясёлых, і наадварот. З аднаго такога паходу ў лес Васіль Пятровіч прынёс вялізныя ласіныя рогі. «Ласі скідваюць рогі, знайсці іх — вялізная ўдача, а мне вось па­шчасціла на іх натрапіць. Вельмі важкія аказаліся, ледзь дацягнуў дадому», — дзеліцца прыемнымі ўспамінамі гаспадар. Цяпер гэты трафей красуецца на самым відным месцы як напамін пра дарагое сэрцу хобі. Ды і любімы сямейны пачастунак таксама мае прамое дачыненне да палявання. Гэта шурпа — паляўнічы суп. Васіль Пятровіч гатуе яго самастойна ўжо гадоў 15—20 па значных выпадках і для самых дарагіх гасцей. Вось і для Надзейкі прыгатаваў. Галоўны інгрыдыент — гэта, канешне ж, дзічына. Яе трэба добра выварыць, каб мяса стала мяккім, а булён наварыстым. Затым дадаць бульбу, моркву, цыбулю — усё вялікімі кавалкамі. Ну, а напрыканцы асабістая запраўка — сумесь прыпраў на ўласны густ: соль, перац і лаўровы ліст абавязкова, а далей можна і паімправізаваць. Галоўнае — са­праўдная шурпа атрымліваецца, калі яе гатуюць на адкрытым вогнішчы. А яшчэ Васіль Пятровіч сцвярджае, што яе павінен абавязкова гатаваць мужчына — не любіць шурпа жаночых рук.

На жаль, у сілу свайго ўзрос­ту і па стане здароўя галава сям'і Катаржэўскіх ужо не займаецца паляўніцтвам. Але без справы на пенсіі не застаецца — сур'ёзна займаецца пчалярствам. Разам з сынам яны завялі пчол, самастойна зрабілі вуллі і рамкі. Мёду цяпер хапае на ўсю вялікую сям'ю. Адным словам, майстры на ўсе рукі. Працавітасць, як і любоў да паляўніцтва, Катаржэў­скія атрымліваюць па спадчыне. Пра гэта сведчаць і драўляныя рэчы: калаўрот, маслабойка, фуганак, зробленыя рукамі продка Пятра Кандрацьевіча і беражліва захаваныя да цяперашняга часу, і нават у добрым працоўным стане.

Першае мерапрыемства праекта атрымалася вельмі змястоўным.

Сакавік для Надзейкі адзначаны новай вандроўкай у адзін з куточкаў Полацкага раёна. Але гэта зусім іншая гісторыя…

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Кацярына ПАЎЛОВІЧ, рэдактар Полацкага РЦК.