Паэтычныя радкі з верша беларускага класіка Рыгора Барадуліна цяпер упрыгожваюць гарадскі пасёлак Янавічы

logo
Среда, 17.10.2018 15:39 | Рубрика: Год народного единства
02359

«Трэба дома бываць часцей…». Гэтыя паэтычныя радкі з верша беларускага класіка Рыгора Барадуліна цяпер упрыгожваюць гарадскі пасёлак Янавічы.

Аздабленне банерамі слупоў ля дарогі па вуліцы Віцебскай — справа сям’і Ізобавых. Як адзначае старшыня Янавіцкага сельвыканкама Аляксандр Ізобаў, цікавая ідэя выкарыстаць урывак са знаёмага ўсім верша для незвычайнага добраўпарадкавання населенага пункта з’явілася ў яго жонкі Ірыны Міхайлаўны, дырэктара Янавіцкай сярэдняй школы, якая раней выкладала беларускую мову і літаратуру. Рэалізаваць жа задуманае дапамог іх сын Уладзіслаў. Ён зараз вучыцца ў Мінскім тэхналагічным універсітэце на аддзяленні «Выдавецкая справа». Студэнт самастойна распрацаваў дызайн кожнага з чатырох банераў памерам 1,5 на 1,8 метра.

— Бачылі б вы вочы мясцовых жыхароў у той дзень, калі на слупах адзін за адным пачалі з’яўляцца яркія банеры, — расказ­вае Аляксандр Аляксанд­равіч. — Спачатку ўсе вельмі здзіўляліся, а пасля з задавальненнем выказвалі шчырыя словы падзякі. Верш Барадуліна «Трэба дома бываць часцей» выбралі на сямейнай нарадзе невыпадкова. Нам падалося, што менавіта гэтыя радкі лепш за іншыя могуць закрануць душу кожнага чалавека, нагадаць: неабходна як мага часцей наведвацца на сваю малую радзіму, нават калі бацькоў ужо няма ў жывых, даглядаць іх сядзібу, каб не была яна ў запусценні, прыбіраць магілы родных і ўвогуле рабіць штосьці карыснае для вёсачкі, у якой нарадзіўся. Гэта не так і цяжка, як можа падацца на першы погляд. Галоўнае — жаданне і неабыякавасць.

Дарэчы, гарадскі пасёлак Янавічы, які значна змяніўся ў лепшы бок пасля таго, як у ім прайшоў у 2017 годзе раённы фестываль-ярмарка «Дажынкі», і зараз не перестае здзіўляць сваім доб­раўпарадкаваннем месцічаў і тых, хто бывае тут праездам. Акрамя банераў, ля якіх кожны з мінакоў імкнецца зрабіць сэл­фі на памяць, увагу прыцягвае і незвычайная матрошка, зроб­леная з пакрышак.

У старшыні сельвыканкама яшчэ шмат цікавых ідэй і задумак па добраўпарадкаваннi. Усе яны будуць рэалізаваны ўжо наступным летам. А пакуль Аляксандр Ізобаў заклікае ўсіх мясцовых жыхароў і выхадцаў з гэтага гарадскога пасёлка задумацца, што кожны з іх можа зрабіць, каб Янавічы сталі яшчэ больш прыгожымі і ўтульнымі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Святлана ЛЮБАЧКА. Фота аўтара.