35 мастацкіх твораў 16 аўтараў прадстаўлены ў Мастацкім музеі на выставе «Гісторыя аднаго мястэчка»

logo
Четверг, 01.03.2018 10:19 | Рубрика: Год народного единства
01387

35 мастацкіх твораў 16 аўтараў з Віцебска, Верхня­дзвінска, Лепеля, Полацка і Наваполацка, Гомеля, Мінска і, нарэшце, Лужкоў, што на Шаркаўшчыне, прадстаўлены ў Мастацкім музеі на выставе «Гісторыя аднаго мястэчка».

Гэты праект з'явіўся па слядах 29-га пленэру, праведзенага культурна-асветніцкім цэнтрам імя Язэпа Драздовіча ў жніўні 2017 года ў мястэчку Лужкі. Маляўнічая прырода гэтага кутка Шаркаўшчын­скага края і яго багатая, цікавая гісторыя натхнілi мас­такоў на стварэнне палотнаў рознага характару.

Дарэчы, мястэчка заўсёды вабіла да сябе творцаў і даследчыкаў. У пісьмовых крыніцах Лужкі ўпершыню ўзгадваюцца ў 1519 годзе, калі яны належалі знакамітаму роду Сапегаў. Праз тры з паловай стагоддзі — гэта значны гарадок таго часу: тут працуе народнае вучылішча, маюцца вадзяны млын, конная паштовая станцыя, малітоўны дом, бровар, 14 крам. Тут заўсёды пражывала шмат нацыянальнасцей — рускія, палякі, беларусы, напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны яўрэйскае, альбо, як яго яшчэ называюць, габрэй­скае насельніцтва складала больш паловы Лужкоў. Амаль усіх, уключаючы і немаўлят, у ліпені 1942 года расстралялі гітлераўцы...

Менавіта 29-ы пленэр ставіў мэтай адлюстраваць гэтую адну з самых трагічных старонак гісторыі мястэчка. Як і падчас усіх папярэдніх сустрэч мастакоў на прыродзе, і леташні пленэр стаў плённым, а яго ўдзельнікі аднагалосна прызнаюць, што спрыяла гэтаму кіраўнік культурна-асветніцкага цэнтра імя Язэпа Драздовіча Ада Райчонак.

Ада Эльеўна — незвычайны чалавек. Нарадзілася ў Віцебску, маленькай дзяўчынкай сама прайшла праз жахі яўрэйскага гета, цудам засталася ў жывых. З 1957 года жыве і працуе ў Лужках, якія любіць усёй душой і сэрцам. Ёй 80 гадоў, але яна не перастае быць актыўным чалавекам, уплывае на культурнае і асветніцкае жыццё. Менавіта ёй і прадставілі права адкрыць выставу. У зале музея сабраліся ўдзельнікі пленэру, мастакі Віцебска і простыя жыхары горада, для якіх гісторыя халакоста прайшла праз сэрца, праз сям'ю, родных і блізкіх.

Выстава будзе працаваць да 11 сакавіка. Сімвалічна, што адкрылася яна ў Дзень роднай мовы, якая і гучала ў зале ва ўсіх выступленнях. Праект «Гісторыя аднаго мястэчка» стаў першым у Мастацкім музеі пад знакам года, які аб'яўлены Годам малой радзімы.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ДРАЗДОВА. Фота аўтара.