На Шуміліншчыне ўбіраюць галегу

Четверг, 13.06.2019 12:38 | Рубрика: Сельское хозяйство
01232

У апошнія гады ў сельгаспрадпрыемствах вобласці асаблівая ўвага адводзіцца бабовым культурам, якія багатыя на бялок. Папулярнасцю карыстаецца галега ўсходняя, якую ўжо многа гадоў вырошчваюць у сялянскай (фермерскай) гаспадарцы “Раднік” Шумілінскага раёна.

Па дарозе да патрэбнага ўрочышча ў Галях, куды едзем разам з галоўным аграномам гаспадаркі Андрэем Гушчам, звяртаем увагу на поле з пяшчотна-фіялетавымі званочкамі, сабранымі ў адно суквецце. Поле роўнае, прыгожае – залюбуешся. Гэта цвіце галега. “На рост вымахала добрая, больш за метр будзе, – кажа механізатар Андрэй Смоляр, які працуе з ротарнай дыскавай касілкай “Крона”. – На касьбе травы я многа гадоў запар, і кожны раз багаты ўраджай. Самы ранні зялёны корм менавіта з гэтай культуры. Яна добра пераносіць маразы і бясснежныя зімы, непераборлівая да глебы і не патрабуе азотных угнаенняў, а сама іх выпрацоўвае. Гэтым і выгадна сеяць галегу – ніякіх табе выдаткаў на тукі. Пры касьбе галоўнае не патрапіць на камень, інакш касілку трэба будзе рамантаваць”.

За дзень Андрэй Смоляр паспявае скасіць да дзесяці гектараў палеткаў. Галега роўна кладзецца ў пракосы, пад якімі ходзіць ветрык, а зверху прыпякае сонейка. Падвяленую масу варушаць граблямі. Дзень-другі – і прыедзе Дзмітрый Базар з прэс-падборшчыкам, каб круціць сена ў рулоны. Яго нарыхтоўваць з галегі выгадна, бо лісты пры сушцы не асыпаюцца, а корм для жывёлы атрымліваецца каштоўны – з мікраэлементамі і вітамінамі. Захоўваюцца яны і ў сенажы – траншэі (галегу ўперамешку са злакавымі травамі) будуць класці ля ферм Макаўе і Мішкавічы.

“Усяго ў гаспадарцы расце 140 гектараў галегі, – кажа Андрэй Гушча. – Яе сеялі ў розныя гады. Культура патрабуе строгага захавання тэхналогіі, напрыклад, насенне перад сяўбой трэба падрапаць, каб садраць цвёрдую абалонку, інакш не ўзыйдзе. Дзеля гэтага выкарыстоўваем звычайную бетонамяшалку, у якую разам з насеннем сыплем яшчэ і пясок. Працэс цяжкі, але гэта таго каштуе. Галега марудна расце толькі першае лета, затое потым сябе апраўдвае: на працягу 10-15 гадоў атрымліваем па два-тры ўкосы сакавітай карыснай травы для жывёлы”.

Дарэчы, сёлета ў СФГ “Раднік” мяркуюць пакінуць 10 гектараў галегі (гатунак “несцерка” і “палескі”) на насенне. Яно добра разыходзіцца па розных сельгаспрадпрыемствах вобласці.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Ларыса ЗАЙЦАВА. Фота аўтара.
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Обновить Защита от автоматических сообщений