Хлебаробы Леанід Парамонаў і Дзмітрый Скрыпялёў, працуючы на камбайне New Holland, першымі ў раёне і вобласці дасягнулі намалоту ў тысячу тон

logo
Вторник, 15.08.2017 08:19 | Рубрика: Экономика
02489
У мінулую пятніцу на полі за вёскай Забалацце Лепельскага раёна было асабліва людна, прадстаўнікі аддзела культуры, ідэалогіі і па справах моладзі райвыканкама на імправізаванай сцэне ладзілі канцэрт у полі. Павіншаваць тысячнікаў прыбылі старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў, старшыня Лепельскага райвыканкама Барыс Яфрэмаў, кіраўніцтва абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні, ААТ «Віцебскі мясакамбінат» і іншыя.

Старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама І. Фёдараў, старшыня Лепельскага райвыканкама Б. Яфрэмаў, камбайнер Л. Парамонаў, старшыня аблвыканкама М. Шарснёў, камбайнер Д. Скрыпялёў, дырэктар ААТ «Віцебскі мясакамбінат» В. Пазняк, генеральны дырэктар дзяржаўнага аб'яднання «Віцебскі канцэрн «Мяса-малочныя прадукты» В. Славецкі.

На полі гасцям уручылі паджніўныя песні караваі і сімвалічныя снапы. Вітаючы перадавікоў, Мікалай Шарснёў адзначыў:

— Я рады прысутнічаць тут і вітаць вас. Вельмі прыемна, што першая тысяча тон з'явілася на Лепельшчыне. На працягу мінулых гадоў першыя лідары з'яўляліся ў адных і тых жа рэгіёнах, нават у адных гаспадарках. Вы змаглі зрабіць прарыў. Яшчэ адна важная абставіна — першую тысячу тон намалацілі работнікі новай інтэграванай структуры — ААТ «Віцебскі мясакамбінат». Гэта азначае, што мы, ствараючы такое вялікае аб'яднанне, далучаючы землі, укладваючы ў яго значныя сродкі, не памыліліся. Камбайнеры толькі селі на новы камбайн, яшчэ цалкам не прывыклі да яго — і ўжо маюць дзённыя намалоты ў 200—250 тон, але гэта — не мяжа! Ваша бліжэйшая мэта — 400—500 тон за змену. Для дасягнення такіх паказчыкаў усё ёсць. Справа за «малым» — ураджайнасцю палёў. На сёння сярэдняя ўраджайнасць палеткаў вобласці 30—35 цэнтнераў з гектара. Гэтага недастаткова. Скандынавія мае горшыя прыродна-кліматычныя ўмовы, але там на круг збіраюць значна больш. Наш арыенцір — 8—10 тон з гектара.


Сёлета адно з палёў вобласці парадавала ўраджаем жыта больш за 96 цэнтнераў з гектара. Усе магчымасці для працоўных дасягненняў ствараюцца. Ужо цяпер пад азімую сяўбу ў гаспадарках інтэграванай структуры адводзіцца каля 50 тысяч гектараў, з іх не менш за 25 тысяч — азімыя збожжавыя.

Барыс Яфрэмаў павіншаваў перадавікоў і ўручыў ім дыпломы і прэміі. Каштоўныя падарункі камбайнеры атрымалі і ад старшыні аблвыканкама.

Камбайн New Holland, на якім вядуць жніво Леанід Парамонаў і Дзмітрый Скрыпялёў, вызначаецца перадавымі вытворчымі характарыстыкамі. Для працы гэтай тэхнікі ў гаспадарцы выдзяляюцца лепшыя палеткі вялікай плошчы, роўныя, бо на маленькіх контурах камбайну складана манеўраваць.


Экіпаж тысячнікаў — камандзіраваныя з Віцебска. Леанід Мікалаевіч — камбайнер з багатым стажам, першы раз самастойна сеў за штурвал камбайна ў далёкім ужо 1988 годзе. Гэта быў СК-5, знакамітая «Ніва». А Дзмітрый на камбайнах працуе толькі другі год, пераймае навыкі і вопыт у старэйшага таварыша. Для экіпажа і іх прадуктыўнай працы створаны ўсе ўмовы. Іх пасялілі ў інтэрнаце філіяла ААТ «Лепельскі малочнакансервавы камбінат», забяспечылі гарачым харчаваннем.

Увогуле, варта заўважыць, што сучасны імпартны камбайн насычаны электронікай, пад рукой камп’ютар, які цалкам кантралюе ўсе працэсы і выводзіць інфармацыю на манітор. Колькі кіламетраў праехаў, колькі гектараў зжаў, тон намалаціў, дызельнага паліва выкарыстаў, якая ўраджайнасць на дадзеным канкрэтным полі — на ўсе пытанні адкажа.

— Не камбайн, а самалёт, — пасміхаючыся, кажа Леанід Мікалаевіч. — Не ідзе ні ў якое параўнанне ні з адной машынай, на якіх працаваў у ранейшыя гады. Ажно заблытацца можна, настолькі шмат у ім функцый.

На пытанне карэспандэнта, як Лепельшчына выглядае на фоне астатніх раёнаў вобласці, старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў адказаў:

— Няблага. У вас узяты добры тэмп, на сёння ўбрана не менш за чвэрць палёў, кожны дзень прыбаўляеце па пяць-шэсць працэнтаў. У свой час Лепельшчына была адным з лідараў сельскагаспадарчай вытворчасці ў вобласці, але мы страцілі значны перыяд, цяпер трэба даганяць. Патэнцыял для гэтага ёсць. На Лепельшчыне — урадлівыя землі, спрыяльныя прыродна-кліматычныя ўмовы і, самае галоўнае, працавітыя, старанныя людзі.
Пасля ўрачыстасці камбайнеры вярнуліся да сваёй штодзённай працы.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Васіль МАТЫРКА. Фота аўтара.