Верхнядзвінскі раён адным з першых у вобласці правёў абрад зажынак і пачаў уборку збожжа

logo
Понедельник, 07.08.2017 16:51 | Рубрика: Экономика
04399

Напачатку жніва старшыня райвыканкама Ігар Марковіч нагадаў, што Верхнядзвінск будзе сталіцай “Дажынак-2018”, а таму раён павінен прыйсці да свята з дастойнымі паказчыкамі.

Экзамен на гаспадарлівасць

Уборачная кампанія ў Верхнядзвінску пачалася ў нязвыклым фармаце. Перш чым сабрацца ў полі на традыцыйны абрад зажынак, кіраўнікі раёна і гаспадарчы актыў абмеркавалі задачы жніва на пасяджэнні райвыканкама. Удзел у яго рабоце прынялі першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Віцебскага аблвыканкама У. Машэра і старшыня абкома прафсаюза работнікаў АПК В. Гутараў.


Аб’ёмы работ у земляробаў Верхнядзвіншчыны немалыя. Трэба ўбраць 22049 гектараў зерневых, 5911 — рапсу, 1340 — семеннікоў шматгадовых траў, 109 — бульбы, 1100 — ільну, 4666 — кукурузы.

Адметнасць сёлетняй уборкі ў тым, што з-за асаблівасцей надвор’я яна пачалася на тры тыдні пазней звычайнага, а значыць, патрабуе ўшчыльніць графік работ. Напружанасць жнівеньскага прыпару нарастае і з-за неабходнасці паралельна займацца азімай сяўбой. Трэба ўзорваць глебу, уносіць угнаенні, рыхтаваць насенне, а таксама працягваць нарыхтоўку кармоў.


Вялікі комплекс работ прымушае весці жніво ў асобым рэжыме. Прагноз на ўраджай нядрэнны: на 20 — 25 працэнтаў вышэй мінулагодняга.

З кожным годам змяншаецца колькасць уборачнай тэхнікі і павялічваюцца тэрміны яе эксплуатацыі. У асобных гаспадарках адчуваецца і дэфіцыт механізатарскіх кадраў. Дапамогу ў забеспячэнні работнікамі і тэхнікай сялянам акажуць гарадскія арганізацыі, на адвозцы збожжа будуць выкарыстаны магчымасці ўчастка Полацкага КХП. Асаблівае значэнне на сёлетнім жніве надаецца сушыльнай гаспадарцы. Наяўныя магутнасці дазваляюць перапрацоўваць у суткі 5800 тон зерня.


Рабочае месца і кіраўніка, і хлебароба – у полі

Старшыня райвыканкама Ігар Марковіч засяродзіў увагу ўдзельнікаў пасяджэння на патрабаваннях, выказаных кіраўніком дзяржавы падчас рэспубліканскай селектарнай нарады па пытаннях правядзення жніва-2017. Асабліва спыніўся на неабходнасці дакладнай арганізацыі працы, строгага захавання дысцыпліны, зацікаўленасці ўдзельнікаў уборачнай кампаніі. За гаспадаркамі замацаваны ўпаўнаважаныя з ліку работнікаў райвыканкама і іншых арганізацый. Яны, а таксама кіраўнікі і спецыялісты аграпрама, павінны на час жніва “перасяліцца” з кабінетаў у поле і ўзяць на сябе самыя шырокія паўнамоцтвы. Неабходна ўдзяляць належную ўвагу не толькі вытворчаму працэсу, але пытанням захавання бяспекі і дысцыпліны, аплаты працы, арганізацыі бытавых умоў і харчавання.

Прынята рашэнне аб абмежаванні часу продажу спіртных напіткаў на перыяд жніва.


Не губляць у полі абаранкі

Абрад зажынак сёлета праходзіў у КУВСГП “Дрысенскі” — сюды прыехалі госці і кіраўніцтва раёна, спецыялісты сельскай гаспадаркі, прадстаўнікі раённых службаў. Ва ўрочышча Фаміно, на ўпрыгожанай паветранымі шарамі, кветкамі і ручнікамі ніве, панавала асобая атмасфера святочнасці і прадчування вялікай працы.


Па традыцыі зажынкі пачаліся семінарам, на якім аграрыі нагадалі галоўныя правілы, з якімі трэба выходзіць у поле. Спецыяліст аграпрама Люцыя Грэсько спынілася на важнейшых крытэрыях якасці ўборкі і прадэманстравала іх уплыў на намалоты. Неспрыяльнае надвор’е, палеглая і засмечаная збажына, незахаванне тэхналогій, неадладжаная тэхніка множаць страты хлеба. На кожным квадратным метры палатняных макетаў былі прымацаваны згубленыя зярняты і тая колькасць абаранкаў, што застаецца на зямлі з-за адмоўных фактараў. Калі ўвачавідку бачыш, што пад нагамі застаецца хлеб, не зможаш абыякава ставіцца да рэкамендацый спецыялістаў.

Адметна, што меры стымулявання перадавікоў жніва сёлета пашыраны — усе, хто забяспечыць высокія паказчыкі, будуць адзначаны грашовымі прэміямі, падарункамі, дыпломамі і граматамі. Пры гэтым нагрузкі, якія мы іншы раз лічым высокімі, у аграрыяў замежжа — норма. Дырэктар “Дрысенскага” В. Губанаў расказаў, што падчас нядаўняй паездкі ў Літву наведваў фермерскую гаспадарку, дзе больш чым 3 тысячы гектараў зямлі апрацоўваюць усяго 9 чалавек.

Старшыня райвыканкама прывёў наглядны прыклад вырашэння ў гаспадарцы праблемы кадраў. На час жніва за штурвалы камбайнаў тут сядуць галоўны інжынер Сяргей Лагун, загадчык майстэрань Дзяніс Дзямідаў і студэнт Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта Максім Прусакоў.

І вось надышоў самы ўрачысты і хвалюючы момант зажынак — абрад першага снапа. Праводзілі яго самадзейныя артысты Сар’янскага СДК. Былі захаваны ўсе народныя звычаі — завязана “барада” з калоссяў, засцелены абрус з хлебам, пастаўлены “сноп на сто коп”. Кіраўнікам прапанавалі пераапрануцца ў вышыванкі і прайсці пад аркай з сярпоў, пакланіўшыся полю. Святары айцец Васіль і айцец Аляксандр асвяцілі снапы і ўзнеслі да Бога малітву аб благаславенні на плённую працу.

Кіраўніку раёна і ўсім гасцям зажынак паднеслі духмяныя караваі — сімвал працы хлебароба.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ. Фота Валерыя САЛАЎЁВА.