Жніво-2016. Камбайны выйшлi ў поле

logo
Пятница, 29.07.2016 15:08 | Рубрика: Экономика
02130

Адным з першых у Аршанскім раёне прыступілі да ўборкі ўраджаю ў філіяле «Цяплічны» РВП «Віцебскэнерга». У поле выйшлі чатыры экіпажы камбайнераў. Пяць адзінак тэхнікі задзейнічаны на адвозцы зерня. У гэтыя дні ідзе напружаная праца на палетках каля вёскі Рамальдава.

— Пачаліся залатыя дзянёчкі, — гаворыць дырэктар Павел Фаміноў. — Хлеб паспеў добры, і наша агульная справа — своечасова яго ўбраць. Праўда, сёлета прырода крыху ўнесла карэктывы. Пасля стыхіі палегла 15—20 працэнтаў хлеба. Камбайнерам даводзіцца праяўляць усё сваё майстэрства, каб страты зерня былі мінімальныя.

Усяго ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве «Цяплічны» неабходна ўбраць 338 гектараў азімай пшаніцы, 244 — ячменю, 134 — зернебабовых культур. Плануецца, што і ўраджайнасць будзе не горшая за мінулагоднюю — не менш за 40 центнераў з гектара.

Як толькі тэхніка выйшла ў поле, у філіяле «Цяплічны» разгарнулася спаборніцтва сярод экіпажаў камбайнераў, па выніках якога пераможцы будуць узнагароджаны каштоўнымі падарункамі. Таксама трэці год запар кіраўніцтва сельскагаспадарчага прадпрыемства адзначае грашовай прэміяй лепшае звяно за выкананне планавых паказчыкаў.

Уладзімір Сінкевіч і Генадзь Маісеенка, Андрэй Максак і Мікіта Гінтаўт, Аляксандр Гаравец і Аляксандр Трынчыкаў, а таксама сын і бацька — Алег і Сцяпан Снытко — уступілі ў барацьбу за ўраджай-2016. Амаль што ўсе хлебаробы — прафесіяналы сваёй справы, за плячыма не адна ўборачная кампанія, але ёсць і дэбютанты, як, напрыклад, Мікіта Гінтаўт. Для Сцяпана Снытко таксама гэта жніво стане сур’ёзным выпрабаваннем на шляху да будучай прафесіі, добрай вытворчай практыкай. Малады хлопец — будучы аграном — вучыцца ў Смальянскім аграрным каледжы, а пасля заканчэння прыйдзе працаваць у «Цяплічны».

Як сцвярджае намеснік дырэктара па раслінаводстве Віктар Дубянец, у хлебаробскай справе важна не толькі хуткасць. На першы план усё ж такі выходзіць якасць работы. І кожны экіпаж камбайнераў гэта добра разумее.

Для высокай арганізацыі работы на жніве ў філіяле «Цяплічны» РВП «Віцебскэнерга» створаны ўсе неабходныя ўмовы. Вялікая ўвага нададзена пытанням аховы працы, пажарнай бяспекі, харчавання.

Надзеі на сёлетняе жніво ў аграрыяў вялікія. Яны прыкладуць усе намаганні, каб своечасова ўбраць хлеб з палёў.

На здымку: дырэктар філіяла «Цяплічны» П. Фаміноў, хлебаробы А.Максак, А. і С.Снытко, М.Гінтаўт, намеснік па раслінаводстве В.Дубянец.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Настасся ТУРОК. Фото аўтара.