Рубеж в 3000 тонн намолота зерна преодолел первым в Беларуси экипаж комбайнеров Лепельского района

logo
Пятница, 10.08.2018 12:09 | Рубрика: Экономика
02983

Вечар 9 жніўня ў дыспетчарскай сельскагаспадарчага вытворчага філіяла “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” выдаўся вельмі напружаным, чакалі і пераправяралі кожную навіну з зернетока: вось-вось экіпаж Леаніда Аляксеенкі і Паўла Ханяка павінен быў узяць планку ў тры тысячы тон намалочанага збожжа.

З аднаго боку ўсе ад дырэктара да дыспетчара былі перакананыя, што чарговы працоўны рубеж будзе ўзяты. Інтрыга заключалася ў іншым — ці здолее экіпаж захаваць за сабой першынство ў вобласці, заваяванае раней, ці не паспеюць апярэдзіць яго камбайнеры-калегі з Аршанскага, Сенненскага, Талачынскага раёнаў, што з даўніх часоў па праву лічацца жытніцай Віцебшчыны. І калі прыйшло паведамленне “Ёсць 3000 тон!”, усе з палёгкай уздыхнулі.

Не меншае напружанне было і ў дыспетчарскай інтэграванай структуры ААТ “Віцебскі мясакамбінат”. За два гады ў вытворчасць сельгаспрадукцыі былі ўкладзены значныя сродкі — і вось вынік, ураджай, якім поўняцца зернетокі і засекі.

Як толькі атрымалі інфармацыю, яе тут жа накіравалі ў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Там праверылі, пераправерылі паўторна.

Аказалася, што экіпаж Леаніда Аляксеенкі і Паўла Ханяка з СВФ “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” першым у рэспубліцы дасягнуў намалоту збожжа ў тры тысячы тон! Бліжэйшыя канкурэнты адстаюць літаральна на дзве гадзіны.

Павіншаваць перадавікоў на поле ля вёскі Мацюшына Сцяна прыехала прадстаўнічая дэлегацыя на чале з генеральным дырэктарам ААТ “Віцебскі мясакамбінат” Віктарам Пазняком. Камбайн убіраў яравую пшаніцу сорту Васіліса, камп’ютар паказваў ураджайнасць каля 34—38 цэнтнераў з гектара.

Госці павіншавалі перадавікоў, уручылі ім падарункі. Кожны пажадаў не спыняцца на дасягнутым, а штурмаваць новыя вяршыні ў чатыры, пяць тысяч тон.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Васіль МАТЫРКА, Лепель. Фота аўтара.