Лучшие молодые семьи Беларуси приняли участие в финале Республиканского конкурса «Властелин села-2017» в Глубоком

logo
Понедельник, 09.10.2017 19:16 | Рубрика: Дом и семья
05387

Напрыканцы мінулага тыдня Глыбокае прымала фіналістаў X Рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла‑2017». За ганаровае званне «уладароў» змагаліся шэсць лепшых маладых сем’яў нашай краіны.

Усе яны — пераможцы раённых і абласных этапаў конкурсу: сям’я Гайдук з гарадскога пасёлка Ружаны Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, сям’я Давыдавых з аграгарадка Баршчоўка Добрушскага раёна Гомельскай вобласці, сям’я Палавеня з аграгарадка Гудзевічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці, сям’я Літвіных з вёскі Лешня Копыльскага раёна Мінскай вобласці, сям’я Жаканавых з аграгарадка Александрыя Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. Віцебшчыну ў фінале прадставіла шматдзетная сям’я Молакавых з аграгарадка Більдзюгі Шаркаўшчынскага раёна.

Арганізатар праекта — грамадскае аб’яднанне БРСМ — невыпадкова вырашыў правесці фінал X Рэспубліканскага конкурсу ў Глыбокім. Дзесяць гадоў таму ў колішняга першага сакратара Глыбоцкага райкама БРСМ Людмілы Чэбан і кіраўніка сямейнага клуба «Востраў разумення» Марыны Гараповіч узнікла ідэя правесці такі конкурс для маладых сем’яў Глыбоччыны. Ідэю падтрымала мясцовая ўлада. У першым праекце прынялі ўдзел дзесяць сем’яў, якім на працягу сямі месяцаў давялося прайсці 17 няпростых выпрабаванняў. Пераможцы першага праекта — сям’я Віктара і Маргарыты Герасімёнкаў — акрамя гучнага тытула атрымалі дом у аграгарадку Ломашы. Цяпер сямейная пара разам з ініцыятарамі праекта была запрошана на мерапрыемства ў якасці членаў журы.

Для фіналістаў праекта «Уладар сяла­2017» арганізатары падрыхтавалі творчыя і сельскагаспадарчыя конкурсы. Маладыя сем’і сустракалі гасцей на імправізаваных падворках, частавалі іх традыцыйнымі беларускімі стравамі, прэзентавалі выставу творчых работ і хваліліся ўраджаем, вырашчаным на сваіх прысядзібных участках. Падчас конкурсу візітовак «Вітаем па­беларуску» фіналіс­ты арыгінальна — хто ў вершах, хто песняй — расказвалі пра таленты і захапленні кожнага члена сваёй сям’і. Усе прэтэндэнты на званне «Уладароў сяла» жывуць у вёсцы і трымаюць немалую гаспадарку, таму яны з лёгкасцю справіліся і з традыцыйнымі сельскагаспадарчымі конкурсамі праекта: пілавалі, калолі і складвалі дровы, запрагалі і распрагалі каня, збіралі ўраджай, вудзілі рыбу і гатавалі дранікі на калодзе.

Усе сем’і выдатна прайшлі конкурсныя выпрабаванні, а пераможцамі стала сям’я Літвіных з Міншчыны. Толькі крыху саступіла пераможцам і апынулася на другім месцы сям’я Давыдавых з Гомельшчыны, а трэцімі стала шматдзетная сям’я Молакавых з Шаркаўшчынскага раёна.

Усе фіналісты, дарэ­­чы, атрымалі добрыя падарункі: грашовую прэмію і электратрымер, а пераможцы — мотаблок.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля БЕЛЬСКАЯ. Фота аўтара.