Пастор из Новой Зеландии пытается разыскать своих родственников на Витебщине

logo
Среда, 12.09.2018 16:05 | Рубрика: Дом и семья
02994

Кліч крыві мацнейшы за гады і адлегласць у тысячы кіламетраў. Гэта дакладна ведае Пітэр Бенге — пастар з Новай Зеландыі, які на мінулых выхадных наведаў Беларусь. Яго продкі да рэвалюцыі валодалі маёнткам у Віцебскай вобласці, і сёння ён шукае сваіх сваякоў і любую інфармацыю пра род Тарбеевых.

Сяргей і Аксана Тарбеевы разам з сынамі Дзімам і Ванем, а таксама мамай главы сямейства Надзеяй прыехалі ў мінулыя выхадныя ў Шуміліна з Гарадка, каб сустрэцца з магчымым сваяком. Гэта ж мэта прывяла да прызначанага месца сустрэчы і Тамару Якаўлеву з Шуміліна. Нядаўна праз раённую газету была агучана просьба да ўсіх, хто носіць прозвішча Тарбеевы ці неяк з ім звязаны, — адгукнуцца. Гэтыя людзі, хоць і не ўпэўнены ў магчымасці сваяц­тва, прыехалі на сустрэчу.

Продкі Пітэра па лініі маці да рэвалюцыі валодалі маёнткам Екацярынгоф у Мішневіцкай воласці Гарадоцкага павета. У Памятнай кніжцы Віцебскай губерні за 1905 год указана, што палкоўніку Міхаілу Паўлавічу Тарбееву (прапрадзеду Пітэра) належаў маёнтак плошчай у 190 дзесяцін зямлі. Маёнтак уключаў вёскі Пузанова, Мішкі і Паддуб'е. Яшчэ да 1917 года прадзед Пітэра Іван Міхайлавіч Тарбееў услед за дачкой Марыяй Іванаўнай, што выйшла замуж за англічаніна, пераехаў у Новую Зеландыю. Гэтым самым была абарваная ўсялякая сувязь з родным братам Івана Георгіем і сёстрамі Марыяй і Надзеяй.

Пітэру вельмі хочацца знайсці хоць нейкія сляды брата свайго прадзеда і іншых родных. Ён ведае, што Георгій Тарбееў да 1923 года працаваў настаўнікам у Паддубскай школе Сіроцінскага сельскага Савета і жыў разам з сёстрамі і двума пляменнікамі на хутары Екацярынгоф.

Накіроўваючыся ў Беларусь, мужчына хацеў наведаць тое месца, дзе некалі стаяў маёнтак яго родных, прайсці па гэтай зямлі, адчуць сувязь з продкамі. Пра гэта, адзначыў, марыў яшчэ яго бацька. Ён ганарыцца тым, што са свайго роду першы за сто год ступіў на зямлю продкаў.

У Шуміліне госця з Новай Зеландыі вітальнымі песнямі сустракаў народны фальклорны калектыў «Гульбічы». Прасякнуцца беларускімі традыцыямі Пітэру дазволіў удзел у абрадзе «Кола сяброўства».

— Я бязмежна ўдзячны вам за гасціннасць, — сказаў Пітэр. — Вельмі шаную магчымасць быць тут. 100 год прайшло з той пары, як мае продкі пакінулі Беларусь, і я ганаруся, што сёння прадстаўляю сваю сям'ю на шумілінскай зямлі.

Варта адзначыць, што Пітэру цікава ўсё, што можа быць звязана з яго родам, любая дробязь. Тамара Якаўлева ў дзяцінстве жыла ў вёсцы Маісеенкі, што побач з былым маёнткам Екацярынгоф. Па расказах мамы ведае, што ў будынку маёнтка некалі размяшчалася школа, а потым — ферма. Але заўважыла, што Тарбеевы у яе вёсцы не жылі.

— Наогул, у Шумілінскім раёне Тарбеевых шмат, але сцвярджаць, што яны могуць мець нейкае дачыненне да патрэбных нам, нельга, — заўважыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Навіцкая. — Справа ў тым, што з адменай прыгоннага права сяляне часта атрымлівалі прозвішча па пану. На могілках таксама гэта прозвішча сустракаецца часта, але дакладных сувязей устанавіць пакуль не ўдалося. Але мы толькі ў пачатку нашых пошукаў.

Не займаўся вывучэннем свайго генеалагічнага дрэва і Сяргей з Гарадка. Ведае, што яго дзед Васіль Аляксеевіч Тарбееў нарадзіўся ў вёсцы Бываліна Шумілінскага раёна. Ды і сам Сяргей да пэўнага часу жыў на Шуміліншчыне. У сям'і быццам і хадзіла інфармацыя пра тое, што нейкія сваякі жывуць за мяжой, але нічога дакладнага. Праўда, многія заўважылі падабенства паміж старэйшым сынам Сяргея Іванам і Пітэрам. Іван Тарбееў — так звалі і прадзеда Пітэра.

Для таго, каб трапіць на месца, дзе некалі размяшчаўся маёнтак Тарбеевых, спатрэбілася дапамога правадніка. Ля падмуркаў былых пабудоў, якія захаваліся да нашага часу, англіканскі пастар знайшоў рэшткі посуду і іншых гаспадарчых прылад, якія павёз з сабой, каб пакінуць на магілах дзеда і прадзеда. На месцы маёнтка добра чытаюцца рэшткі сада, парка, растуць вялізныя векавыя дрэвы.

Сваё першае падарожжа ў Беларусь Пітэр Бенге запомніць наведваннем Дома-музея Марка Шагала і Арт-цэнтра Марка Шагала ў Віцебску. Аказалася, што яго маці цікавіц­ца творчасцю нашага славутага земляка, а сам Пітэр — яшчэ і традыцыямі яўрэйскага быту. Ён шмат чытаў пра Вялікую Айчынную вайну, а таму экспазіцыі Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея надзвычай уразілі госця. Шмат часу правёў Пітэр і ў Шумілінскім Доме рамёстваў, у прыватнасці знаёмячыся з калекцыяй ручнікоў. Яго ўра­зіла наша культура, традыцыі, асабліва — гасціннасць. Пітэр Бенге быў вельмі ўдзячны, што ў такі важны для яго момант у Беларусі яго сустрэлі як блізкага чалавека, ва ўсім дапамаглі. Ён нават не можа ўявіць, што рабіў бы без гэтай падтрымкі.

— У мяне ўражанне, што я вярнуўся ў сваю сям'ю, — ацаніў су­стрэчу Пітэр.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА. Фота аўтара.