Хаджэнне ў народ: жылі дзяды — не бачылі бяды

logo
Четверг, 01.11.2018 09:45 | Рубрика: Блицопрос
04036

У суботу — восеньскія Дзяды, свята ўшанавання продкаў (а 2 лістапада адзначаецца Дзень памяці). Людзі даўней спадзяваліся на дапамогу памерлых. Адсюль такое трапяткое стаўленне да памінальных дзён. На працягу года свята Дзяды адзначаюць некалькі разоў, але апошнія — восеньскія — лічацца самымі галоўнымі. На Дзяды ў цэнтры абраду — вячэра ў памяць памерлых сваякоў. Напярэдадні свята гаспадыні звычайна прыбіралі хату і гаспадарчыя пабудовы. У святочны дзень мыліся ў лазні, пакідаючы крыху вады і венік для дзядоў. Не шкадуючы прыпасаў, гатавалі смачныя стравы і пітво для ўрачыстай вячэры, каб задаволіць душы продкаў, якія нябачна прысутнічаюць на агульным застоллі.

Мы пагаварылі з чытачамі «Віцьбічаў» на гэтую тэму ­і задалі два пытанні:

1. Якія традыцыі, звязаныя з восеньскімі Дзядамі, вы ведаеце?
2. Як праходзіць Дзень памяці ў вашай сям’і?

Людміла ЛАДЗІС, шматдзетная маці з Наваполацка:
1. Ведаю, што для беларусаў памінальны тыдзень і самі Дзяды з’яўлялiся надзвычай важнымі. Абавязковымі былі лазня, багатая вячэра са строгім наборам страў, малітва і сямейныя ўспаміны пра продкаў. Гэта быў радасны вечар, дазвалялася нават пець і танцаваць.
2. Кожныя Дзяды мы прыбіраем могілкі. Потым ідзём у касцёл і пішам спіс тых, за каго трэба памаліцца. На працягу ўсяго памінальнага ты­дня ў касцёле ідуць богаслужэнні, перад якімі зачытваюцца імёны памерлых. Таксама ў католікаў можна атрымаць адпушчэнне грахоў і ахвяраваць яго за памерлых, калі ўвесь тыдзень наведваць могілкі (не абавязкова, каб там былі пахаваны вашы родныя) і маліцца за нябожчыкаў.

Андрэй СТРУНЧАНКА, намеснік дырэктара Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці:
1. З дзяцінства ведаю, што Дзяды былі ў шэрагу галоўных свят нашай сям’і. Таму і сёння сур’ёзна стаўлюся да яго. Ведаю, што ў гэты дзень нашы продкі мыліся ў лазні перад вячэрай, праходзілі штосьці накшталт абраду ачышчэння, пасля чаго ладзілі вельмі багаты стол, на якім заўсёды прысутнічалі поліўка, бліны з рознай начынкай, клёцкі.
2. На працягу апошніх год на могілкі да сваіх блізкіх у гэты дзень мы не наведваемся, але ходзім раніцай у царкву. Вечарам рыхтуем шчодры стол, асабліва смачнымі атрымліваюцца клёцкі з душамі, якія заўсёды на Дзяды гатуе мая бабуля Галіна Мікалаеўна. Абавязкова пакідаем на стале ежу і не зачыняем шчыльна вокны да самай раніцы, каб душы памерлых маг­лі пачаставацца. Такія традыцыі складваліся ў маёй сям’і на працягу многіх год, таму я іх шаную і зберагаю. Спадзяюся, што і наступныя пакаленні нашага роду не застануцца абыякавымі ў гэтым плане.

Таццяна КЛІМАВА з сынам Яўгенам:
1. На вялікі жаль, вельмі мала ведаю пра Дзень памяці і традыцыі, што з ім звязаны. Са школьных і ўніверсітэцкіх часоў мала памятаю пра восеньскія Дзяды. Напэўна, нашы продкі збіраліся разам, каб успомніць тых, каго зараз няма ў жывых.
2. У маёй сям’і гэты дзень самы звычайны. Мы не наведваемся на могілкі, бо прыбіраем і памінаем сваіх родных у асноўным на Радаўніцу. Ведаю, што свякроў ходзіць у царкву. Блізкіх, якіх ужо няма разам з намі, успамінаем часта, незалежна ад гэтага свята. Калі ёсць у гэтым неабходнасць і жаданне, гартаем сямейны альбом са старымі фотаздымкамі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Пытанні задавалі Святлана ЛЮБАЧКА і Наталля ЧАРНІЧЭНКА.