У аграгарадку Акцябрская была закладзена Алея Памяці і адкрыты мемарыяльны знак у гонар Героя Савецкага Саюза Пятра Шысцерава

logo
Среда, 24.04.2019 17:02 | Рубрика: Беларусь помнит
01148

75 дрэў пасадзілі агульнымі намаганнямі вучні і настаўнікі мясцовай школы, каледжа, прадстаўнікі кіраўніцтва раёна і сельвыканкама, грамадскіх аб’яднанняў і жыхары населенага пункта. Падзея была прымеркавана да 75­годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-­фашысцкіх захопнікаў.

Падчас тыдня лесу школьнікі ра­зам з прадстаўнікамі абласной арганізацыі «Белая Русь» і мясцовымі жыхарамі азелянілі родны аграгарадок і адкрылі мемарыяльны знак у гонар Героя Савецкага Саюза Пятра Шысцерава, які ў гады вайны гераічна загінуў на тэрыторыі Акцябрскага сельсавета.

Пётр Васільевіч,ураджэнец Кастрамской вобласці, аддаў сваё жыццё за вызваленне Беларусі. Падчас вызваленчых баёў чырвонаармеец мужна абараняўся адзін на ўчастку зямлі каля 100 метраў, чэргамі з аўтамата і гранатамі адбіў некалькі контратак ворага. Калі скончыліся боепрыпасы, кінуўся на немцаў з пустым аўтаматам. У рукапашным баі знішчыў трох ворагаў, але быў схоплены. На дапамогу Пятру Шысцераву кінуўся яго таварыш, якому чырвонаармеец паспеў крыкнуць: «Кідай гранаты! Знішчай іх, гадаў, не шкадуй мяне!» Тры гранаты ўзарваліся ля Пятра Васільевіча, але ён, цяжка паранены, яшчэ намагаўся праследваць фашыстаў, пакуль не быў забіты аўтаматнай чаргой.

Як адзначаюць у педагагічным калектыве Акцябрскай сярэдняй школы, адкрыццё памятнага знака і закладка алеі будуць садзейнiчаць патрыятычнаму выхаванню дзяцей.

Удзел у пасадцы дрэў маглі прыняць усе жадаючыя. Агульную справу выканалi ўсяго за чвэрць гадзіны.

Дарэчы, у Віцебскім раёне ў бліжэйшы час з’явіцца 41 новы парк, кожны з якіх будзе названы ў гонар Герояў Савецкага Саюза — ураджэнцаў Прыдзвіння, што змагаліся за мірнае неба.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Святлана ЛЮБАЧКА. Фота з архіва школы.