Мікалай — партызанскі сувязны

logo
Четверг, 04.10.2018 09:36 | Рубрика: Беларусь помнит
01929

У наступным годзе Беларусь будзе святкаваць 75-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Напярэдадні знамянальнай даты хочацца расказаць аб тых звычайных хлопчыках і дзяўчынках, якія ў грозны час Вялікай Айчыннай вайны дапамагалі дарослым у барацьбе з ворагам. Яны — прыклад таго, якімі бяс­страшнымі могуць быць дзіцячыя сэрцы і якой гарачай — любоў да сваёй Радзімы.

Прыкладна ў двух кіламетрах ад Сянна знаходзіцца невялікая вёска Папоўка. Менавіта тут жыхар горада Оршы Мікалай Давыдзько адзінаццацігадовым хлопчыкам сустрэў Вялікую Айчынную вайну.

За сваю партызанскую дзейнасць на малой радзіме Мікалай Пятровіч мае ордэн Вялікай Айчыннай вайны II ступені і медаль «Партызану Айчыннай вайны».

І пачаліся новыя парадкі

У Папоўку немцы прыйшлі ў пачатку ліпеня. Адным з першых сярод мясцовых жыхароў няпрошаных гасцей сустрэў Мікалай — якраз па дарозе на калгаснае поле, якое ён ехаў баранаваць. «Немцы радасныя былі, смяяліся, жартавалі. Адзін з іх нават на маім кані праехаўся, — узгадвае Мікалай Пятровіч. — Потым яны далі мне цукерак і сказалі, што праз тры дні будуць піць каву ў Маскве».

Хутка пачаліся баі за Сянно. Горад быў узяты праз тры дні. Новыя гаспадары пачалі наводзіць свае парадкі. Паступова ў кожным мясцовым Савеце, воласці з'явіліся ўправы паліцаяў.

Пазней з вяскоўцаў пачалі збіраць падаткі: хто зернем аддаваў, хто сенам. Забраць маглі нават карову і каня.

Адпомсцілі

Аднойчы мясцовыя паліцаі зрабілі налёт на адну з вёсак. Усё нарабаванае багацце вывозілі на вазах. Але па дарозе недалёка ад Папоўкі іх абстралялі партызаны. Мясцовым жыхарам доўга чакаць не прыйшлося. Ужо праз дзве гадзіны ў іх былі паліцаі.

«Разбірацца, хто вінаваты, яны не сталі, а падпалілі ўсе хаты партызанскіх сем'яў, — узгадвае Мікалай Пятровіч. — Полымя перакінулася і на суседнія. Нашу хату выратавала толькі тое, што дах у яе быў не саламяны. А вось хлеў зберагчы не ўдалося. У той дзень выгарэла больш за палову вёскі».

Мікалая падчас налёту ў Папоўцы не аказалася. Перад прыходам паліцаяў ён выехаў з вёскі на кані, каб схаваць жывёлу, якую маглі забраць. Калі вярнуўся, паўсюль ужо былі папялішчы.

Маленькі герой вялікай вайны

Са снежня 1943 года Мікалай стаў партызанскім сувязным. Падпольную дзейнасць 13-гадовы хлопчык вёў да вызвалення мясцовасці — ліпеня 1944-га.

Наладзіць сувязь са сваімі Мікалаю Давыдзько дапамаглі знойдзеныя ім аднойчы вінтоўкі: зброя была вельмі патрэбна партызанам. Перадаваў ім каштоўныя звесткі, а таксама соль, медыкаменты: родная цётка Мікалая працавала ў аптэцы і была агентурным разведчыкам.

«Спачатку да немцаў у гарнізон я хадзіў у выглядзе жабрака. У вызначаным месцы сустракаўся са сваімі, атрымліваў перадачу ці важныя звесткі, напісаныя на кавалачку паперы, якая, як правіла, ушывалася ў верхняе адзенне, і вяртаўся дадому. Затым ноччу адпраўляўся ў лес да партызан за 2-3 кіламетры ад вёскі. Месцам сустрэчы была зямлянка. Там, дарэчы, я мог паслухаць, што кажа Масква (з прыходам немцаў нас прымусілі здаць усе прыёмнікі). Зімой, са з'яўленнем ваўкоў, замест мяне ў лес стаў хадзіць мой аднавясковец — 90-гадовы дзед, якому выдалі абрэз».

Неаднаразова на заданні Мікалай адпраўляўся на сваім кані. На павозку, у якой мелася схованка, накладваў сена і ехаў быццам прадаваць яго.

«Такія вылазкі ў мяне былі два разы на тыдзні. Я ішоў на заданне і не ведаў: вярнуся дадому ці не. Паўгода смерць хадзіла за мной, — прызнаецца Мікалай Пятровіч. — У мяне была вельмі веруючая бабуля, якая заўсёды старалася перахрысціць ў дарогу. Магчыма, таму і выжыў».

Заставацца непрыкметным у сваёй дзейнасці Мікалаю Давыдзько дапамагала і тое, што ён не значыўся ў немцаў сярод падазроных. Яго бацька Пётр стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій, таму на хлопчыка ніхто не звяртаў увагі. «Мой бацька быў старшынёй калгаса. Калі пачаліся рэпрэсіі, ён аказаўся ў ліку «ненадзейных» людзей, таму што яго дзядзька яшчэ да рэвалюцыі пераехаў за мяжу — у Польшчу. 16 лістапада
1937 года бацька пайшоў на работу, больш мы яго не бачылі. Мне тады было 7 гадоў, толькі пайшоў у першы клас. Як старэйшы ў сям'і, я стаў за гаспадара. Нас было трое. Маці чакала чацвёртага».

Мацнела вера ў блізкую Перамогу

Недалёка ад Папоўкі ўжо напрыканцы вайны доўгі час стаяў фронт. «Немцы тады прыязджалі ў нашу вёску і суседнія на адпачынак. Пабудуць у нас трохі, і зноў на пазіцыі. Па іх настроі мы бачылі, што не ладзіцца ў іх неш­та, а ад таго ўсё больш мацнела вера, што хутка перамога, — расказвае ветэран. — Доўга нашы не маглі прарваць фронт, але потым разведалі, што ў раёне БелДРЭС на Дубровеншчыне, дзе былі балоты, ёсць невялікі праход без нямецкіх акопаў. Тады салдаты ўсла­лі балота бярвеннем, і па гэтай драўлянай дарозе асцярожна пусцілі танкі. Так і пра­рвалі абарону».

Мікалай Пятровіч добра памятае і дзень вызвалення сваёй малой ра­дзімы ад нямецка-фашысцкіх захо­п­нікаў. Як сёння стаяць перад вачыма ў ветэрана змучаныя твары зусім маладых і ўжо сталых салдат, якія ішлі бясконцымі калонамі. Іншыя спыня­ліся на колькі гадзін у Папоўцы і зноў працягвалі шлях.

Другая радзіма

Пасля вайны Мікалай зноў пайшоў вучыцца ў школу, але праз год вярнуўся ў калгас: трэба было дапамагаць маці гадаваць малодшых дзяцей. Пасля службы на Далёкім Усходзе ў Прыморскім краі яшчэ шэсць гадоў пабыў на малой радзіме, а потым скончыў курсы шафёраў і пераехаў у Оршу. Працоўную дзейнасць звязаў з Аршанскім РВПС і віцебскім філіялам «Белсувязьбуд».

Мікалай Пятровіч лічыць, што трапіў у Оршу невыпадкова. На гэтай зямлі, як потым стала вядома, у 1937-м го­дзе знайшоў свой спакой яго бацька. Пятра Давыдзько расстралялі менш чым праз месяц пасля арышту ў раёне Гразілаўкі.

На Аршаншчыне ветэран Вялікай Айчыннай вайны вырашыў застацца назаўсёды. Жыве ён тут ужо больш за палову веку і заўсёды стараецца расказаць маладому пакаленню аб вайне. Каб памяталі. І каб не было яе больш.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Анжэла ШУРДУКОВА. Фота аўтара.