«Мужчынскія» і «жаночыя» прафесіі

Четверг, 12.09.2019 09:35 | Рубрика: Мнения
01268

Мы жывём у час, які імкліва сцірае межы паміж мужчынам і жанчынай, у тым ліку і ў прафесійнай сферы. Ён жа (час) і адкажа калі-небудзь, ці спрыяе гэта развіццю грамадства.

«Адзіная справа, у якой жанчына пераўзыходзіць мужчыну, — гэта выкананне жаночых роляў у вадэвілі», — неасцярожна выказаўся і прыцягнуў на сябе маланкавыя разрады гневу прадстаўніц слабага полу непараўнальны жартаўнік О'Генры. Хаця словы гэтыя былі сказаны ў ХІХ стагоддзі, калі яшчэ не так і шмат было прафесій, куды без забабонаў узялі б паненку.

Прыгадваю школьны ўрок рускай мовы, калі першая настаўніца для лепшага запамінання напісання словаў «мужчина» і «женщина» даводзіла нам розніцу паміж вызначаемымі імі суб'ектамі: маўляў, справа аднаго заслужыць чын, а другой варыць капусту (щи). Праўда, варта адзначыць, што ў беларускай мове і там, і там суфікс -чын. Ды і мужчыны зараз усё часцей ідуць у кухары.

Аднойчы трапіўся на вочы здымак школьнага выпускнога матулі. Дык больш за ўсё здзівіла, што, нягледзячы на яшчэ незагоеныя раны вайны, дзе палягло столькі абаронцаў Айчыны, большасць настаўнікаў — мужчыны. У маёй школе ў 1980-я іх ужо было недзе траціна ад колькасці педагагічнага складу. Сёння нязменная (і тое не факт!) толькі апетая ў народным фальклоры неразлучная пара «фізрук — трудавік». І гэта не заўсёды ідзе на карысць выхаваўчаму працэсу. Бо існуе прыродная жаночая эмацыянальнасць, і сямейныя бязладзіцы настаўніц час­та выліваюцца на вучняў. З якой асалодай мы ў школе ішлі на ўрокі-рэлаксацыі спакойнага гісторыка пасля звыклых «накачак» хімічкі!

Памяркоўна стаўлюся да прысутнасці жанчын у большасці сфер, але, прызнаюся, ёсць прадузятасць: напрыклад, пад скальпель жанчыны-хірурга ніколі б не лёг. Ды і зусім не вы­клікае захаплення апеты ў савецкіх фільмах вобраз гераіні, што кладзе шпалы альбо вы­плаўляе метал. У гэтым шэрагу, прабачце мне, кабеты, — ваенны (акрамя, канешне, сясцёр міласэрнасці), грузчык, зваршчык, трактарыст і гэтак далей.

Некалькі гадоў таму давялося пісаць пра за­служанага прадстаўніка нашай лясной гаспадаркі, які з сумам канстатаваў «адзявічанне» адпаведных навучальных устаноў. А гэта ж не толькі рамантыка, але і цяжкая праца ў любое на­двор'е. Як прыгажуня, калі што (не дай бог!), будзе спраўляцца са злачынцам-браканьерам?

Існуюць, напэўна, і тыпова жаночыя прафесіі. Аднойчы па журналісцкай працы пазнаёміўся з мужчынам-педагогам, якому, магчыма, адзінаму ў краіне даверылі стаць загадчыкам дзіцячага садка. На жаль, «вусаты нянь» нядоўга вытрымаў у гэтым крэсле, абраўшы іншы шлях. Напэўна, наўрад ці наканавана сярэднестатыстычнаму прадстаўніку мужчынскага полу супернічаць з жанчынай у швейным рамястве альбо адбыць без нервовага зрыву хоць адзін працоўны дзень у якасці сядзелкі-санітаркі.

Так, прадстаўніцы слабага полу ў нашай краіне ўжо даўно «адстаялі» свае правы. Аднак калі які-небудзь аратар з гонарам адзначае, што працэнт жанчын-кіраўнікоў, дэпутатаў і гэтак далей у нас проста зашкальвае, мімаволі задаюся пытаннем: «А ці адназначна гэта плюс?».

Неяк з удзелам журналістаў праводзіўся «круглы стол» па пытаннях дэмаграфіі, і адна дама-чыноўніца доўга з пафасам пераконвала, як важна жанчынам зрабіць свой уклад у выкананне дэма­графічнай праграмы. Калі ж шматдзетны святар, які прысутнічаў на мерапрыемстве, запытаўся, колькі дзяцей мае сама аратарка, аказалася, што толькі адно. Час пайшоў на пераадоленне пры­ступак кар'ернай лесвіцы.

І для мяне ўсё ж галоўная прафесія жанчыны — матуля. Адзіная ў сваім родзе, якая ўзяла на свае кволыя плечы няпросты і адказны цяжар, узгадавала кожнага з нас.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь БЫНЬКОЎ
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Обновить Защита от автоматических сообщений