Колькi разоў ты чалавек?

logo
Четверг, 13.10.2022 19:33 | Рубрика: Мнения
07852

«Навучыўся я слоў беларускіх ад маці», — пісаў наш народны пясняр Янка Купала. Зараз праўдзіва сцвердзіць такое здолеюць, мабыць, толькі вельмі нямногія нашы суграмадзяне. Скажу шчыра: калі я нарадзіўся, мая маці, ураджэнка Магілёўшчыны і выхаванка беларускамоўнай школы, ужо добра перакавала сваё мысленне і ўпэўнена размаўляла па-руску. Гэтаму ж вучыла з маленства і сваіх дзяцей.

Адзіным носьбітам мовы, канешне, збольшага дыялектнай, у сям’і была бабуля. Яна пад уздзеяннем сваякоў таксама лічыла яе «няправільнай» і ўсяляк старалася «исправиться». У гэтым ёй актыўна дапамагаў і я. Маўляў, гэта ці іншае слова зусім не павінна ўжывацца ў размове: «Не «месік», а «луна» і гэтак далей. Але вось бабуліна слова «зачысць» дагэтуль у маім актыўным ужытку ў сэнсе «найвышэйшая асалода», альбо жаргонна «кайф».

Сёння не разумею людзей, якія стогнуць, што «гіне мова». Як па мне, дык за свой век назіраю толькі пашырэнне яе ўжывання. Самае галоўнае, што ў моладзевым асяродку яна ўжо лічыцца не «мужыцкай», а элітарнай. Узяць нашага нядаўняга прадстаўніка на «Еўрабачанні» — гурт NaviBand з глыбачанінам Арцёмам Лук’яненкам, які годна прэзентаваў Беларусь з «Гісторыяй майго жыцця».

А тое, што раней было болей беларускамоўных школ, гэта яшчэ вялікае пытанне. У свой час давялося ­размаўляць з выпускнікамі такіх устаноў адукацыі, якія не маглі звязаць і двух слоў на роднай мове. Таксама як і пераможцы алімпіяд па беларускай мове. На мой погляд, у школе не трэба вывучаць гэты прадмет на павышаным узроўні, а засяродзіцца на тым, каб чалавек проста мог выказаць свае думкі па-беларуску. Пытанне і ў тым, што няма такіх устаноў прафесіянальна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі.

З задавальненнем сустракаюся з вядомымі людзьмі, якія прыйшлі да беларускасцi. Давялося неяк паразмаўляць з нашай аршаначкай Алінай Талай, адной з лепшых у свеце па бегу з бар’ерамі. Актыўна папулярызуе беларускую мову і выхаванец віцебскага футбола, адзін з лепшых айчынных форвардаў Віталь Радзівонаў. Заўважаю, што многія знаёмыя, асабліва тыя, хто трапляе за мяжу, з куды большай павагай ставяцца да беларускасці.

Неяк паспрабаваў колькi пагодлiвых выхадных дзён паразмаўляць з навакольнымі толькі па-беларуску. Звяртаўся на «мове» да мінакоў з просьбай падказаць, як дабрацца да пэўнай вуліцы, да кансультантаў у крамах, які тавар лепшы і больш свежы. І ніякага здзіўлення ці, крый божа, абразы не заўважыў. Вось толькі з даўнімі сябрукамі было цяжэй: «Сань, давай как обычно разговаривать». Але гэта ўжо псіхалогія…

Калі ў пачатку 1990-х яшчэ хадзіў цягнік Віцебск — Вільнюс, часта ездзіў да нашых заходніх суседзяў з зусім іншым менталітэтам, знаёміўся з мясцовай моладдзю. І вось што запомнілася. Хлопцы ў маёй прысутнасці нават у размовах паміж сабой пераходзілі на рускую мову, каб нейкім чынам не пакрыўдзіць чалавека, які не разумее па-літоўску. Вось гэта ў маім разуменні сапраўдная інтэлігентнасць.

Але вышэй сказанае зусім не значыць, што чалавек, які стала жыве на гэтай зямлі, не павінен імкнуцца вывучыць спрадвечную мову тутэйшага люду. Бо не мной прыдумана выслоўе, што чым болей моў ты ведаеш, столькі разоў ты і чалавек. Ды і для мазгоў карысна, асабліва ў сталым узросце.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь БЫНЬКОЎ